Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/24

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ленькі свет, як і вялікі знешні свет, адзначаўся здольнасцю хутка забывацца пра сваіх памершых, і калі кухарка сказала: „у лэдзі быў ціхі нораў“, а эканомка сказала: „такі наш лёс“, а дварэцкі сказаў: „хто-б мог пра гэта падумаць?“, а пакаёўка сказала: „яна бадай ці можа гэтаму паверыць“, а лакей сказаў: „гэта падобна на сон“, — падзея канчаткова ўкрылася іржою, і яны пачалі думаць аб тым, што і жалоба іх парыжэла ад часу.

Для Рычардс, якую трымалі наверсе ў ганаровым палоне, зара новага жыцця здавалася халоднай і шэрай. У містэра Домбі быў вялікі дом на ценевым баку, на элегантнай вуліцы з высокімі дамамі паміж Портланд-плейс і Брайянстон-сквер. Гэта быў дом на рагу з вялікімі прасторнымі скляпамі, якія пахмура ўглядаліся на свет сваімі рашотчатымі вокнамі і пагардліва жмурыліся касавокімі дзвярыма, якія вялі да смеццевых скрынь. Гэта быў велічны і пахмурны дом з поўкруглай задняй сцяной, з анфіладай залаў, якія выходзілі вокнамі на ўсыпаны гравіем двор, дзе два поўсухія дрэвы з пачарнелымі стваламі хутчэй стукалі, чым шалясцелі, — так было пракопчана іх лісцё. Летам сонца заглядала на гэтую вуліцу толькі раніцой, прыкладна ў час першага снедання, паяўлялася разам з вадавозамі, стар’еўшчыкамі, гандляром геранню, папраўшчыкам зонтаў і чалавекам, які на хаду пазвоньваў званочкам ад галандскага гадзінніка. Неўзабаве яно зноў хавалася, каб больш ужо не паказвацца ў той дзень, а ў змроку дварэцкія, калі іх гаспадары палуднавалі ў гасцях, з’яўляліся ля дзвярэй сваіх дамоў, і фанаршчыку кожны вечар не шанцавала, калі ён з дапамогай газу спрабаваў надаць вуліцы больш вясёлы выгляд.

І ўнутры гэты дом быў таксама пахмуры, як і знадворку. Пасля пахавання містэр Домбі загадаў накрыць мэблю чахламі, — можа, жадаючы захаваць яе для сына, з якім былі звязаны ўсе яго планы, — і замкнуць пакоі, за выключэннем тых, якія ён прызначаў для сябе ў ніжнім паверсе. Тады таямнічыя збудаванні ўтварыліся з сталоў і крэслаў, састаўленных пасярод пакоя і накрытых вялізнымі саванамі. З камінаў патыхала як са скляпоў і сырых падвалаў. Памёршая і пахаваная лэдзі ў рамцы, абвітай траурам, наводзіла страх. Кожны парыў ветру, налятаючы з-за вугла суседніх стайняў, прыносіў камякі саломы, што была паслана перад домам у часе яе хваробы і гніючыя рэшткі якой яшчэ захаваліся па суседству; прыцягваемыя нейкай невядомай сілай да парогу бруднага дома насупраць, які здаваўся ў арэнду, яны з сумным красамоўствам клікалі да вокан містэра Домбі.

Памяшканне, якое пакінуў для сябе містэр Домбі, злучалася з вестыбюлем і складалася з гасцінай, бібліятэкі, якая была, па сутнасці, туалетным пакоем, так што пах атласнай і веленевай паперы, саф’яну і юфты спаборнічаў тут з пахам шматлікіх пар камашаў, і аранжарэі або маленькага зашклёнага будуара, адкуль відаць былі раней успомненыя дрэвы і іншы раз цікоўная

20