Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/244

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— «Клара», э-хой! — крыкнуў капітан, прыстаўляючы руку да рота.

— Э-хой! — як водгулле, адклікнуўся юнга, узбягаючы наверх.

— Бансбі на барту? — запытаўся капітан грымотным голасам, нібы быў на адлегласці поўмілі, а не двух ярдаў.

— Так! так! — у тон яму крыкнуў юнга.

Пасля юнга перакінуў дошку капітану Катлю, які клапатліва яе прыладзіў, перавёў Фларэнс, а пасля вярнуўся па міс Ніпер. Такім чынам, яны стаялі на палубе «Асцярожнай Клары», дзе на вантах загатаўлялася на доўга развяваючаеся адзенне, а таксама некалькі языкоў і макрэль.

Павольна падымаючыся над сценкай каюты, паказалася чалавечая галава, і вельмі вялікая, з адным нерухомым вокам на твары колеру чырвонага дрэва і адным, якое паварочвалася, як бываюць зроблены некаторыя маякі. Гэтая галава была ўпрыгожана калматымі валасамі, якія нагадвалі пакулле, і не мелі пэўнага цягацення к поўначы, усходу, поўдню або захаду, але цягацелі да ўсіх чвэрцей компаса і да кожнага яго дзялення. Следам за галавой паказаўся пазбаўлены ўсякай расліннасці падбародак, каўнерык кашулі з шыйнай хусткай, суконная лоцманская куртка і пара суконных лоцманскіх штаноў з такім шырокім і высокім поясам, што ён мог замяніць жылет і быў упрыгожан масіўнымі драўлянымі гузікамі, падобнымі да шашак. Калі выявілася ніжняя частка гэтых штаноў, Бансбі паказаўся, як на далоні; рукі неймавернай велічыні ў кішэнях, позірк накіраван не на капітана Катля або лэдзі, а на топ-мачту.

Шапнуўшы Фларэнс, што Бансбі ні разу ў жыцці не здіўляўся і, відаць, нават не ведае, што гэта азначае, капітан сказаў:

— Бансбі, дружа, як справы?

Пачуўся грубы, хрыплы голас, які быццам не меў адносін да Бансбі і ва ўсякім выпадку не выклікаў ні малейшага змянення ў яго твары:

— А, прыяцель, як маецеся?

У той-жа час правая рука Бансбі, вынырнуўшы з кішэні, паціснула руку капітану і зноў рушыла ў кішэню.

— Бансбі, — сказаў капітан, адразу прыступіўшы да справы, — вось вы — чалавек вялікага розуму, чалавек, які можа выказаць сваю думку. Вось маладая лэдзі, якая хоча выслухаць гэту думку адносна майго сябра Уольра, таксама як і другі мой сябра, Соль Джылс, — да яго вам варта наблізіцца на адлегласць воклічу, — які, будучы чалавекам навукі, якая з'яўляецца маткай вынаходлівасці, не ведае ніякіх законаў. Бансбі, хочаце зрабіць мне ласку, павярнуць праз фардэвінд[1] і рушыць з намі?


  1. Фардэвінд — ход судна за ветрам.

240