авалодае… — прадаўжаў капітан, і на ілбе ў яго выступіў пот. Толькі свістам можна было энергічна закончыць фразу, і таму капітан нерашуча свіснуў. Пасля гэтага ён зноў паківаў галавой і, зноў зачараваны шалёнай смеласцю міс Ніпер, нясмела паўтарыў: — Думаеце, што паказалі-б, дарагая мая?
С'юзен адказала толькі задорнай усмешкай, але такой задзёрыстай, што цяжка сказаць, як доўга глядзеў-бы на яе капітан Катль, калі-б Фларэнс, апанаваная трывогай, не паўтарыла сваёй прапановы накіравацца зараз-жа да Бансбі. Пасля такога напамінку пра абавязак капітан Катль моцна націснуў глянцавіты капялюш, узяў другі сучкаваты кій, якім замяніў той, што падарыў Уолтэру, і, прапанаваўшы руку Фларэнс, падрыхтаваўся прарвацца праз варожы строй.
Аднак, здарылася так, што місіс Мак-Стынджэр ужо змяніла курс і павярнула зусім у другі бок, — паводле слоў капітана, яна рабіла гэта часта. Бо, спусціўшыся ўніз, яны пераканаліся, што гэта прыкладная жанчына выбівае ля ўваходных дзвярэй маты, у той час як Александр, седзячы па-ранейшаму на тратуарнай пліце, смутна вырысоўваецца ў воблаку пылу. І так была захоплена місіс Мак-Стынджэр сваімі хатнімі справамі, што пачала біць яшчэ мацней, калі міма праходзіў капітан Катль са сваімі спадарожніцамі, і ні словам, ні жэстам не абазвалася на іх прысутнасць.
Яны шчасліва дабраліся да рогу Брыг-плейс, і капітан, узабраўшыся на козлы, — бо галантнасць яму не дазваляла ехаць у карэце з лэдзі, хоць яго і прасілі аб гэтым, — узяў на сябе абавязкі лоцмана, паказваючы фурману дарогу да судна капітана Бансбі, якое называлася «Асцярожная Клара» і стаяла на якары ля Раткліфа.
Прыбыўшы ў гавань, капітан Катль паявіўся ля акна карэты і прапанаваў Фларэнс і міс Ніпер ісці з ім на борт, заўважыўшы, што Бансбі ў вышэйшай ступені мяккасардэчны ў адносінах да лэдзі і іх з'яўленне на барту «Асцярожнай Клары» будзе садзейнічаць хутчэй, чым што-б там ні было, прывядзенню ў гармонію неабсяжнага яго розуму.
Фларэнс ахвотна згадзілася, і капітан, узяўшы яе маленькую ручку сваёй вялізнай лапай, павёў яе па вельмі брудных палубах з такім заступніцкім, бацькаўскім, ганарыстым і цырамонным выглядам, што прыемна было на яго глядзець; нарэшце, падышоўшы да «Клары», яны пераканаліся, што гэтае асцярожнае судно (якое стаяла апошнім у радзе) прыняло сходні, і футаў шэсць вады аддзяляюць яго ад бліжэйшага суседа. З тлумачэнняў капітана Катля высветлілася, што з вялікім Бансбі, таксама як і з ім самім, люта абыходзіцца яго кватэрная гаспадыня, і калі яе абыходжанне перавышае меру яго цярпення, ён, выкарыстоўваючы апошні сродак, робіць паміж імі гэту прорву.