— Прыяцель, — нечакана сказаў Бансбі, нахіляючыся і паглядаючы пад перакладзіну, што засланяла яму далячынь, — што будуць піць гэтыя лэдзі?
Капітан Катль, чыя далікатнасць была закранута такім пытаннем, паколькі яно тычылася Фларэнс, адвёў мудраца ў бок і, растлумачыўшы яму штосьці на вуха, рушыў з ім уніз; каб не пакрыўдзіць яго, капітан выпіў чарачку, а Фларэнс і С'юзен, заглядаючы ў адкрыты люк, бачылі, як мудрэц, з цяжкасцю праціскаючыся паміж ложкам і вельмі маленькай меднай печкай, налівае сабе і сябру. Неўзабаве яны вярнуліся на палубу, і капітан, радуючыся ад поспеху сваёй зацеі, павёў Фларэнс да карэты, а Бансбі ішоў за ім, суправаджаючы міс Ніпер, якую ён, нібы сіні мядзведзь, абдымаў рукой, пакрытай лоцманскім сукном (к вялікаму абурэнню гэтай маладой лэдзі).
Капітан усадзіў Бансбі ў экіпаж і, будучы ў захапленні ад таго, што залучыў яго і ўсадзіў гэты вялікі розум у карэту, не мог утрымацца, каб не паглядаць на Фларэнс у акенца за спіной фурмана і не выяўляць свайго захаплення ўсмешкамі, а таксама пастукваннем сябе па ілбе, намякаючы ёй, што мозг Бансбі працуе ўзмоцнена. Тым часам Бансбі, усё яшчэ абдымаючы міс Ніпер (бо яго сябра капітан не пераўвялічыў яго мяккасэрдэчнасці), нязменна захоўваў урачыстую асанку і ніякай увагі не звяртаў ні на яе, ні на каго-б там ні было.
Дзядзька Соль, які тым часам вярнуўся дадому, сустрэў іх ля дзвярэй і зараз-жа ўвёў у маленькую заднюю гасціную, якая дзіўна змянілася з часу ад'езду Уолтэра. На стале і па ўсім пакоі былі раскладзены марскія і геаграфічныя карты, па якіх прыгнечаны інструментальны майстар зноў і зноў сачыў па морах шлях прапаўшага без вестак судна.
— Калі яго аднесла сюды… — гаварыў дзядзька Соль, дапытліва гледзячы на карту, — але не, гэта амаль што немагчыма. Або калі шторм загнаў яго сюды… але гэта непраўдападобна. Або ёсць нейкая надзея, што яно змяніла курс настолькі, што… але нават я не магу гэтаму верыць!
Кідаючы гэтыя адрывістыя фразы, бедны стары дзядзька Соль вандраваў па разасланаму перад ім велізарнаму лісту і не знаходзіў на ім пункта, які-б жывіў надзеі і быў дастаткова буйным, каб змясціць востры канец цыркуля.
Фларэнс адразу заўважыла — цяжка было-б не заўважыць, — што са старым адбылася нейкая дзіўная перамена, і хоць ён зрабіўся яшчэ больш неспакойным і няўважлівым, чым звычайна, аднак, разам з гэтым адчувалася надзвычайная рашучасць, якая прыводзіла яе ў неразуменне. Ёй здавалася, што ён гаворыць няскладна і як папала, бо, калі яна выказала шкадаванне з прычыны яго адсутнасці раніцой, ён спачатку адказваў, што заходзіў да яе, але, як відаць, зараз-жа гатоў быў узяць гэтыя словы назад.