Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/242

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

прыдзе ў поўны парадак і спраўнасць. Што-ж датычыць старога Соля Джылса, — тут капітан загаварыў урачыста, — якога я буду моцна падтрымліваць і не пакіну, пакуль смерць нас не разлучыць, і калі для Соля Джылса будзе ўцяшэннем выслухаць думку марака, у якога хопіць розуму справіцца з любой справай, якую ён уздумае абардыраваць[1], і якому ледзь галавы не праламалі ў гады вучэння, і чыё імя — Бансбі, дык гэты самы чалавек выкажа яму ў яго-ж у гасцінай такую думку, што зусім яго аглушыць. Так! — пахваляючыся заўважыў капітан Катль. — Аглушыць так, як калі-б яго ўдарылі галавой аб дзверы.

— Прывядзем да яго гэтага джэнтльмена і паслухаем, што ён нам скажа! — усклікнула Фларэнс. — Ці не паедзеце вы цяпер з намі? Нас чакае карэта.

Зноў капітан схапіўся рукой за галаву, на якой не было жорсткага глянцавітага капялюша, і збянтэжыўся. Але ў гэты самы момант здарылася ў вышэйшай ступені выдатная падзея.

Дзверы адчыніліся без усякіх папярэджанняў і, як відаць, самі; памянёны жорсткі глянцавіты капялюш уляцеў у пакой, як птушка, і цяжка апусціўся ля ног капітана. Затым дзверы захлопнуліся таксама шпарка, як расчыніліся, і ніякіх растлумачэнняў гэтага цуда не паследвала.

Капітан Катль падняў свой капялюш і, агледзеўшы яго з цікаўнасцю і прыемнасцю, пачаў выціраць рукавом. Займаючыся гэтай справай, капітан зырка зірнуў на сваіх наведвальніц і паціху сказаў:

— Бачыце, я хацеў імчацца да Соля Джылса на ўсіх парусах учора і сёння раніцой, але яна… яна забрала яго і схавала. Вось у чым справа.

— Божа-ж мой, хто-ж гэта зрабіў? — запыталася С'юзен Ніпер.

— Гаспадыня дома, дарагая мая, — хрыплым шэптам адказаў капітан, знакамі прапаноўваючы захоўваць асцярожнасць. — Мы з ёю пасварыліся з-за мыцця швабрай вось гэтай палубы, а яна… — сказаў капітан, паглядаючы на дзверы і глыбока ўздыхаючы, — карацей кажучы, яна мяне заняволіла.

— О! Хацела-б я, каб яна мела справу са мною! — усклікнула С'юзен, расчырванеўшыся ад узрушэння. — Я-б ёй паказала!

— Думаеце, што паказалі-б, дарагая мая? — адазваўся капітан, недаверліва ківаючы галавой, але яўна зачароўваючыся адважнай храбрасцю ўзрушанай красуні. — Не ведаю. Плаванне цяжкае. З ёю вельмі нялёгка справіцца, дарагая мая. Ніколі, ведаеце, не адгадаеш, які яна курс возьме. Цяпер яна ідзе проста ўперад, а праз хвіліну паварачвае на вас. А ўжо калі ёю


  1. Абардыраваць — узяць на абардаж, г. зн. прыстаць борт да барта да варожага судна і завалодаць ім у рукапашным баі.

238