вымытыя, сцены вымытыя, печ вычышчаная, і ўсё, апрача печы, было мокрым і бліскучым ад вадкага мыла і пяску, а паветра насычана пахам гэтага маскацельнага тавару. Сярод такога панурага пейзажа капітан, выкінуты на свой востраў, нудна паглядаў на водную прастору і як быццам чакаў, што падплыве якая- небудзь выратавальная барка і забярэ яго.
Нехапае слоў, каб апісаць здзіўленне капітана, калі ён, павярнуўшы збянтэжаную фізіяномію да дзвярэй, убачыў Фларэнс, якая з'явілася са сваёй служанкай.
Аднак, самаўладанне зараз-жа вярнулася да яго, і першымі клопатамі капітана было пераправіць яе на сухазем'е, што ён удачна і зрабіў адным рухам рукі. Вышаўшы пасля ў адкрытае мора, капітан Катль адразу абхапіў за талію міс Ніпер і перанёс таксама і яе на востраў.
— Вядома, вы здзіўлены ўбачыўшы нас, — з усмешкай сказала Фларэнс.
Бязмерна ашчасліўлены капітан у адказ пацалаваў свой кручок і прамармытаў, нібы гэтыя словы былі ўтончаным і ўдакладненым кампліментам.
— Трымайся мацней!
Але я не была-б спакойнай, — прадаўжала Фларэнс, — калі-б не даведалася ад вас, што вы думаеце аб мілым Уолтэры — цяпер ён мне брат, — і ці ёсць падставы баяцца з-за яго, і ці будзеце вы штодзённа наведваць і ўцяшаць яго беднага дзядзю, пакуль мы не атрымаем вестак пра Уолтэра?
Пры гэтых словах капітан Катль нібы машынальна схапіўся рукой за галаву, на якой не было жорсткага глянцавітата капялюша, і збянтэжыўся.
— Вы баіцеся за Уолтэра? — запыталася Фларэнс.
— Не, Радасць Сэрца, — сказаў капітан Катль, — я не баюся! Такі хлопчык, як Уольр, вытрымае нямала бураў. Такі хлопчык, як Уольр, прынясе шчасце гэтаму самаму брыгу[1].
— Я не баюся, Радасць майго Сэрца, — паўтарыў капітан. — Штормы ў тых шыротах на дзіва моцныя, гэтага нельга адмаўляць, і, магчыма, іх адносіла, адносіла і загнала на другі канец свету. Але судно надзейнае, і хлопчык надзейны, і дзякаваць богу, — капітан пакланіўся, — не так та лёгка разбіць сэрцы з дуба, ці знаходзяцца яны на брызе, ці ў грудзях. У нас ёсць і тыя, і іншыя, а гэта абяцае шчаслівы канец, і таму я пакуль што ніколькі не баюся.
— Пакуль? — паўтарыла Фларэнс.
— Ніколькі, — адказваў капітан, цалуючы сваю жалезную руку, — а перш чым я пачну баяцца, Радасць майго Сэрца, Уольр нам напіша з вострава або з якога-небудзь порта, і ўсё
- ↑ Брыг — невялікае паруснае судно з двума мачтамі.