ная тратуарная пліта звычайна была вельмі добрым сродкам для аднаўлення сіл.
Пачуцці місіс Мак-Стынджэр, як жанчыны і маці, былі зняважаны, калі яна заўважыла спачувальны позірк Фларэнс, які быў скіраваны на Александра.
— Прабачце, пані, — сказала Фларэнс, калі дзіця пачало зноў дыхаць, — гэта дом капітана Катля?
— Не, — сказала місіс Мак-Стынджэр.
— Гэта не дзевяты нумар? — нерашуча запыталася Фларэнс.
— Хто кажа, што гэта не дзевяты нумар? — запярэчыла місіс Мак-Стынджэр.
С'юзен Ніпер зараз-жа ўмяшалася і папрасіла растлумачыць, што хоча сказаць місіс Мак-Стынджэр і ці вядома ёй, з кім яна размаўляе.
Місіс Мак-Стынджэр, помсцячы, пагардліва зірнула на яе.
— Хацела-б я ведаць, што вам патрэбна ад капітана Катля? — сказала місіс Мак-Стынджэр.
— Хацелі-б? У такім выпадку шкадую, што ваша цікаўнасць не будзе задаволена, — адрэзала міс Ніпер.
— Ціха, С'юзен, прашу вас! — сказала Фларэнс. Магчыма, пані, вы будзеце такой добрай і скажаце нам, дзе жыве капітан Катль, калі ён жыве не тут, як вы кажаце.
— Хто гаворыць, што ён жыве не тут? — запярэчыла няўмольная Мак-Стынджэр. — Я сказала, што гэта дом не капітана Катля, і гэта не яго дом, і крый божа, каб гэта быў калі-небудзь яго дом, бо капітан Катль не ўмее кіраваць домам і не заслугоўвае таго, каб мець дом; гэта мой дом, а калі я здаю верхні паверх капітану Катлю, то ніякай падзякі я ад яго не бачу і рассыпаю бісер перад свіннёй.
Робячы гэтыя заўвагі, місіс Мак-Стынджэр павысіла голас, маючы на ўвазе вокны верхняга паверха, і рэзка выпальвала кожнае абвінавачанне, нібы са стрэльбы з вялікім мноствам ствалоў. Калі прагучаў апошні стрэл, пачуўся голас капітана, які слаба пратэставаў са свайго пакоя:
— Ціха там, унізе!
— Калі вам патрэбен капітан Катль, вунь ён! — сказала місіс Мак-Стынджэр, злосна махнуўшы рукой.
Калі Фларэнс без далейшых размоў адважылася ўвайсці, а С'юзен рушыла за ёю, місіс Мак-Стынджэр зноў пачала прагульвацца ў патэнах, а Александр Мак-Стынджэр (па-ранейшаму на тратуарнай пліце), які змоўк, пакуль прыслухоўваўся да гутаркі, заплакаў зноў, забаўляючыся ў часе гэтай панурай працэдуры, якую ён прарабляў зусім машынальна, агляданнем вуліцы з наёмнай карэтай у канцы яе.
Капітан сядзеў у сваім пакоі, засунуўшы рукі ў кішэні і падкурчыўшы ногі пад крэсла, на вельмі маленькім пустэльным астраўку сярод акіяна мыльнай вады. Вокны ў капітана былі