ная інтрыганка, пані, і ваша ганарлівасць — узор страшэннай бессаромнасці. Калі-б яна выстаўляла ў смешным выглядзе толькі вас, пані, — прадаўжаў маёр, скіроўваючы позірк на нічога не ведаючую міс Токс, прычым яго выпучаныя вочы нібы хацелі пераскочыць да яе, — вы маглі-б займацца гэтай справай для поўнай сваёй прыемнасці, пані, не сустракаючы, запэўняю вас, ніякіх пярэчанняў з боку Бегстока. — Тут маёр пагрозліва зарагатаў, і гэта зрабіла ўплыў на кончыкі яго вушэй і вены на ілбе. — Але калі вы, пані, кампраметуеце другіх людзей, і да таго-ж людзей велікадушных і даверлівых, у падзяку за іх ласку, у старога Джо кроў закіпае ў жылах!
— Маёр, — чырванеючы, сказаў містэр Домбі, — спадзяюся, вы не робіце намёку на нешта такое неверагоднае з боку міс Токс, як…
— Домбі, — адказваў маёр, — я не намякаю ні на што. Але Джой Б. бываў у свеце, сэр. Бываў у свеце, глядзеў пільна, сэр, і навастрыўшы вушы; і Джо гаворыць вам, Домбі, што там, за дарогай, жыве д'ябальскі хітрая і ганарлівая жанчына, сэр.
Містэр Домбі мімаволі зірнуў цераз пляц; позірк, скіраваны ім у гэтым напрамку, быў злосны.
— Ніводнага слова аб гэтым прадмеце не сарвецца з языка Джозефа Бегстока! — рашуча сказаў маёр. — Джо не пляткар, але бываюць выпадкі, калі ён павінен гаварыць, калі ён мае намер гаварыць! Я праклінаю вашы хітрыкі, пані, — закрычаў маёр, зноў з вялікім гневам звяртаючыся да сваёй цудоўнай суседкі. — Вашы паводзіны надта задзірыстыя, каб ён мог больш маўчаць!
Хваляванне, якое рушыла следам за гэтай успышкай, выклікала ў маёра прыступ конскага кашлю, які доўга і люта яго катаваў. Аправіўшыся, ён дадаў:
— А цяпер, Домбі, калі вы прапанавалі Джо — старому Джо, у якога няма нічога, сэр, апрача таго, што ён непахісны і простадушны, — калі вы яму прапанавалі быць вашым гасцём і правадніком у Лемінгтоне, распараджайцеся ім як хочаце, і ён увесь да вашых паслуг. Не ведаю, сэр, — прадаўжаў маёр, з жартаўлівым выглядам трасучы сваім падвойным падбародкам, — што знаходзіце вы ўсе ў Джо і што выклікае такі попыт на яго; але мне вядома, сэр: каб ён не быў непахісным і ўпартым адмаўляючы, вы ўсе хуценька прыкончылі-б яго сваімі запрашэннямі і іншым і іншым.
Містэр Домбі коратка заявіў аб тым, што разумее перавагу, аказаную яму перад іншымі выдатнымі членамі грамадства, якія стараліся заўладаць маёрам Бегстокам. Але маёр адразу яго перапыніў, даўшы яму зразумець, што рабіў згодна сваіх уласных схільнасцей, якія дружна ўсталі і аднагалосна заявілі: «Дж. Б., Домбі — той, каго вы павінны выбраць сваім сябрам».