Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/204

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Гэта жанчына, сэр, — сказаў маёр, — своеасаблівы Люцыфер[1]. Для Джоя Б., сэр, яго дзянёк мінуўся, але ён не дрэмле. Ён усё бачыць, гэты Джо.

Маёр суправаджаў гэта такім позіркам, і ад яды, піцця, гарачага чаю, мяса, падсмажанага на рашперы, пышак і многазначных слоў галава яго так разбухла і ўспалілася, што нават містэр Домбі праявіў такі-сякі неспакой.

— У гэтай недарэчнай старой асобы, — прадаўжаў маёр, — ёсць ганарлівыя імкненні. Бязмерныя імкненні, сэр, Матрыманіяльныя[2], Домбі.

— Я шкадую яе, — сказаў містэр Домбі.

— Не кажыце гэтага, Домбі, — перасцерагальным тонам запярэчыў маёр.

— Чаму-ж не казаць, маёр? — запытаўся містэр Домбі.

Маёр адказаў толькі конскім кашлем і прадаўжаў узмоцнена есці.

— Яна зацікавілася вашай сям'ёй, — сказаў маёр, зноў, адрываючыся ад яды, — і вось ужо на працягу некаторага часу часта наведвае ваш дом.

— Так, — з вялікай годнасцю адказваў містэр Домбі, — спачатку міс Токс была прынята ў ім як прыяцелька маёй сястры ў той час, калі сканала місіс Домбі; і з тае прычыны, што яна была асобай добравыхаванай і выяўляла прыхільнасць да няшчаснага малюткі, яна была ў нас у доме, — магу сказаць яе заахвочвалі наведваць нас, і яна прыходзіла разам з маёй сястрой; так паступова завязалася нешта накшталт блізкіх адносін з маёй сям'ёй. Я лічу сябе абавязаным міс Токс, маёр, — дадаў Домбі, злёгку махнуўшы рукою, — за прыемнасць быць знаёмым з вамі.

— Домбі, — з запалам сказаў маёр, — не! Не, сэр! Джозеф Бегсток не можа пакінуць гэту заўвагу без пярэчанняў. Ваша знаёмства са старым Джо, сэр, такім, які ён ёсць, і знаёмства старога Джо з вамі, сэр, узнікла дзякуючы благароднаму хлопчыку, сэр, — цудоўнаму дзіцяці, сэр, Домбі! — прадаўжаў маёр, напружваючыся, што яму няцяжка было зрабіць, бо ўсё яго жыццё праходзіла ў напружанай барацьбе з усялякімі сімптомамі апаплексіі, — мы пазналі адзін другога дзякуючы вашаму хлопчыку.

Містэр Домбі, — вельмі магчыма, што маёр на гэта разлічваў, — быў, здавалася, расчулены намёкам.

— Наша прыяцелька мела аддаленыя адносіны да нашага знаёмства, — сказаў маёр, — і Дж. Б. не хоча аспрэчваць гонар, які прыпаў ёй, сэр. Тым не менш, пані, — дадаў ён, адводзячы позірк ад сваёй талеркі і скіроўваючы яго ў той бок, дзе ў той момант была відаць у акне міс Токс, якая палівала кветкі, — вы — распус-


  1. Люцыфер (лац) — чорт, нячыстая сіла.
  2. Матрыманіяльны — які непасрэдна адносіцца да шлюбу.

200