Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/206

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Маёр да гэтага часу наеўся; сок вострага паштэта выступаў у кутках яго вачэй, а падсмажанае на рашперы мяса і ныркі сцягнулі яму гальштук, і да таго-ж набліжаўся час адыходу поезда ў Бермінгем, з якім ім патрэбна было выехаць з горада, а таму тубылец з найвялікшай цяжкасцю нацягнуў на яго паліто і зашпіліў яго даверху, пасля чаго фізіяномія яго з выпучанымі вачыма і разяўленым ротам выглядвала з гэтага адзення, як з бочкі. Пасля тубылец падаў яму па чарзе і з належнымі інтэрваламі замшавыя пальчаткі, тоўсты кій і капялюш; гэту апошнюю прыналежнасць туалета маёр зухавата адзеў набякрэнь, каб адцяніць сваю надзвычайную фізіяномію.

Але перш чым ад'ехаў экіпаж, міс Токс, з'явіўшыся ў акне, замахала лілейна-белай насавой хустачкай. Містэр Домбі прыняў гэта развітальнае ўшанаванне вельмі холадна — вельмі холадна нават для яго — і, ледзь прыкметна кіўнуўшы ў адказ, адкінуўся на спінку экіпажа з вельмі нездаволеным выглядам. Яго падкрэсленая халоднасць, здавалася, зрабіла надзвычайную прыемнасць маёру (які вельмі далікатна раскланяўся з міс Токс), і доўга ён сядзеў, падміргваючы і сапучы, як перакормлены Мефістофель[1].

У часе перадад'езднай мітусні на вакзале містэр Домбі і маёр прагульваліся побач па платформе. Ні той, ні другі не заўважылі, што ў часе гэтай прагулкі яны звярнулі на сябе ўвагу рабочага, які стаяў каля паравоза і прыпадымаў капялюш кожны раз, калі яны праходзілі міма. Нарэшце, гэты чалавек пайшоў ім насустрач і, зняўшы капялюш і трымаючы яго ў руцэ, пакланіўся містэру Домбі.

— Прашу прабачэння, сэр, — сказаў чалавек, спадзяюся, вы не дрэнна жывеце, сэр.

На ім быў парусінавы касцюм, замазаны вугальным пылам і маслам, у бакенбардах яго быў попел, і вакол сябе ён распаўсюджваў пах прытушанага попелу. Не гледзячы на гэта, выгляд у яго быў прыстойны, і, бадай, яго нельга нават было назваць брудным, а карацей кажучы, гэта быў містэр Тудль у прафесіянальнай вопратцы.

— Я буду мець гонар падтрымліваць для вас агонь у топцы, сэр, — сказаў містэр Тудль. — Прашу прабачэння, сэр, спадзяюся, вы пачынаеце папраўляцца?

У адказ на спачувальны тон містэр Домбі паглядзеў на яго так, нібы гэты чалавек мог забрудзіць нават яго зрок.

— Прабачце за дзёрзкасць, сэр, — прадаўжаў Тудль, бачачы, што яго як быццам не пазнаюць, — але мая жонка Полі, якую ў вашай сям'і называлі Рычардс…

— Напэўна, вашай жонцы патрэбны грошы, — сказаў містэр Домбі, апускаючы руку ў кішэню і гаворачы ганарыстым тонам (між іншым, так гаварыў ён заўсёды).


  1. Мефістофель (грэч.) — злы, дух, сын цемры, д'ябал.

202