Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/203

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

казваў забаўныя гісторыі, і містэр Домбі схілен быў лічыць яго дасканалым разумнікам, які выдаецца ў грамадстве і не мае таго ўедлівага прысмаку беднасці, якім звычайна празмерна атручаны дасканалыя разумнікі. Становішча яго было бясспрэчна добрае. Наогул маёр быў прыстойным спадарожнікам, вельмі знаёмым з бяздзейным жыццём і з месцамі, падобнымі да таго, якое яны збіраліся наведаць.

— Дзе мой нягоднік? — сказаў маёр, у гневе аглядаючы пакой.

Тубылец, які не меў пэўнага імя, але адклікаўся на ўсякую брыдкую мянушку, адразу-ж паявіўся ў дзвярах і не адважыўся падыйсці бліжэй.

— Злодзей! — сказаў халерычны[1] маёр. — Дзе снеданне?

Цёмнаскуры слуга знік, і неўзабаве яны пачулі, як ён зноў падымаецца па лесвіцы з такім трапятаннем, што блюды і талеркі на падносе, якія дрыжэлі ад спачування да яго, бразгаталі ўсю дарогу.

— Домбі, — сказаў маёр, пазіраючы на тубыльца, які накрываў стол, і, у выглядзе заахвочання, грозна трасучы кулаком, калі той скінуў лыжку, — вось мяса з вострай прыправай, падсмажанае на рашперы[2], вось паштэт, ныркі і іншае. Прашу сядаць. Як бачыце, стары Джо можа прапанаваць вам толькі паходную закуску.

— Вельмі добрая закуска, маёр, — адказваў госць, і не толькі з далікацтва, бо маёр заўсёды вельмі клапаціўся пра сябе і еў тлустыя стравы ў колькасці, шкоднай для здароўя, з прычыны чаго яго надзвычайны колер твара тлумачыўся галоўным чынам гэтай яго схільнасцю.

— Вы заглянулі ў дом насупраць, сэр, — заўважыў маёр. — Бачылі нашу прыяцельку?

— Вы маеце на ўвазе міс Токс? — прамовіў містэр Домбі. — Не.

— Чароўная жанчына, сэр, — сказаў маёр з густым смяшком, які захраснуў у яго кароткім горле і ледзь не задушыў яго.

— Здаецца, міс Токс вельмі прыстойная асоба, — адказаў містэр Домбі.

— Стары Джо, сэр, — сказаў маёр, — карыстаўся калісьці некаторай прыхільнасцю ў тым жыллі. Але для Джо яго дзянёк мінуўся. Дж. Бегсток знішчаны… пакінуты… разбіты, сэр. Вось што я вам скажу Домбі. — Маёр перастаў есці і меў выгляд таямніча-абураючы. — Гэта чартоўскі ганарлівая жанчына, сэр.

Містэр Домбі сказаў: «Вось як!» з ледзяным роўнадушшам, да якога дамешвалася, бадай, пагардлівае недавер'е, як можа міс Токс быць такой саманадзейнай, каб пасягаць на такую ўзвышаную якасць.


  1. Халерычны — разаражняльны, жоўчны.
  2. Рашпер — рашотка ў печы для смажання мяса.

199