РАЗДЗЕЛ ХХ
Містэр Домбі прадпрыймае паездку.
— Містэр Домбі, сэр, — сказаў маёр Бегсток, — Джой Б. наогул чалавек не сантыментальны, бо Джозеф непахісны. Але ў Джо ёсць пачуцці, сэр, і ўжо калі яны абудзіліся… Чорт пабяры, містэр Домбі, — з нечаканай ярасцю крыкнуў маёр, — гэта слабасць, і я не маю намеру ёй паддавацца!
Маёр Бегсток праказаў гэтыя фразы, прымаючы госця, містэра Домбі, на пляцоўцы сваёй лесвіцы на пляцы Прынцэсы. Містэр Домбі прыехаў снедаць да маёра перад ад'ездам у дарогу; злашчасны тубылец перацярпеў ужо шмат непрыемнасцей з-за пышак, а ў сувязі з пытаннем аб вараных яйках жыццё для яго зрабілася цяжкім.
— Не да твару старому салдату з пароды Бегстокаў, — заўважыў маёр, супакоіўшыся, — аддаваць сябе на разарванне сваім эмоцыям, але, чорт пабяры, сэр! — крыкнуў маёр, зноў злуючыся, — я вам спачуваю!
Пасля, паварочваючы галавой з сапеннем, якое вельмі нагадвала конскі кашаль, маёр павёў свайго госця ў гасціную і (справіўшыся да таго часу са сваімі пачуццямі) вітаў яго са шчырасцю і вольнасцю дарожнага спадарожніка.
— Домбі, — сказаў маёр, — я рады вас бачыць. Я ганаруся тым, што вас бачу. Мала людзей знойдзецца ў Еўропе, якім сказаў-бы гэта Дж. Бегсток — бо Джош простадушны, сэр, гэта па яго натуры, — але Джой Б. ганарыцца тым, што бачыць вас, Домбі.
— Маёр, — адказаў містэр Домбі, — вы вельмі ласкавы.
— Не, сэр, — сказаў маёр. — Дзе там, ліха на яго! Гэта не ў маім характары. Каб гэта было ў характары Джо, Джо быў-бы ў сучасны момант генерал-лейтэнантам, сэрам Джозефам Бегстокам, кавалерам ордэна Бані[1], і прымаў-бы вас зусім у іншым доме. Бачу, што вы яшчэ не ведаеце старога Джо. Але гэта падзея, як самая надзвычайная, з'яўляецца для мяне крыніцай гонару. Далібог, сэр, — рашуча сказаў маёр, — для мяне гэта гонар.
Цэнячы сябе і свае грошы, містэр Домбі адчуваў, што гэта вельмі справядліва, а таму і не спрачаўся супроць гэтага пункта. Але інстынктыўнае ўразуменне гэтай ісціны маёрам і яго адкрытае прызнанне яе былі вельмі прыемныя.
Містэр Домбі, не маючы сяброў, адчуў прыхільнасць да маёра. Нельга сказаць, каб у яго было цёплае пачуццё да маёра, але ён крыху адтаяў. Маёр адыгрываў некаторую ролю — не вельмі вялікую — у тыя дні на беразе мора. Ён быў чалавек свецкі і ведаў сяго-таго з важных асоб. Ён шмат гаварыў і рас-
- ↑ Ордэн Бані — адзін з самых вышэйшых англійскіх ордэнаў. Дзіўная назва тлумачыцца тым, што ў эпоху феадалізма рыцары, якія пасвячаліся ў ступень „рыцараў Бані“, павінны былі зрабіць абмыванне.