Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/190

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

страціў-бы значна больш часу на тое, каб прыняць такое рашэнне, калі-б яму не дапамог сам Дыаген, якому прышло ў галаву забрахаць на містэра Тутса і кінуцца на яго з разяўленай зяпай. Добра не ведаючы, як скончыць з гэтымі выступленнямі, і разумеючы, што яны пагражаюць пагібеллю штанам, якія абавязаны сваім існаваннем майстэрству Берджэса і К°, містэр Тутс з хіхіканнем вышмыгнуў за дзверы.

— Падыйдзіце-ж, Ды! Мілы Ды! Пасябруйце з вашай новай гаспадыняй. Будзем любіць адзін аднаго, Ды! — сказала Фларэнс, гладзячы яго калматую галаву.

І Ды, грубы і сярдзіты, нібы калматая яго скура зрабілася пранікальнай для слязы, што капнула на яе, а яго сабачае сэрца растаяла, калі яна скацілася, пацягнуўся носам да яе твара і даў клятву ў адданасці.

Для яго зараз-жа быў наладжан пір у кутку; і, дасыта наеўшыся і напіўшыся, ён падышоў да акна, дзе сядзела Фларэнс, якая пазірала на яго, стаў на заднія лапы, няўклюжа паклаўшы пярэднія ёй на плечы, лізнуў ёй твар і рукі, прыціснуўся вялізнай галавой да яе грудзей і пачаў віляць хвастом, пакуль не стаміўся. Нарэшце Дыаген скруціўся ля яе ног і заснуў.

Хоць міс Ніпер з асцярогай глядзела на сабак і лічыла неабходным, уваходзячы ў пакой, вельмі берагчы спадніцы, нібы пераходзіла па каменнях цераз ручай, а таксама пішчаць і ўскакваць на крэслы, калі Дыаген пацягваўся, аднак, яна была па-сваему расчулена дабратой містэра Тутса, бачачы Фларэнс так узрадаванай прывязанасцю і сяброўствам гэтага грубага сябра маленькага Поля. Правёўшы ўвесь вечар у назіраннях над Дыагенам і яго гаспадыняй і вельмі ахвотна папрацаваўшы, каб зрабіць Дыагену пасцель у пярэдняй за дзвярыма яго гаспадыні, яна хутка сказала Фларэнс развітваючыся з ёю на ноч:

— Ваш тата, міс Флой, едзе заўтра раніцой.

— Заўтра раніцой, С'юзен?

— Так, міс; так ён сказаў. Заўтра рана.

— Вы не ведаеце, С'юзен, — не гледзячы на яе, запыталася Фларэнс, — куды тата едзе?

— Добра не ведаю, міс. Раней ён хоча сустрэцца з гэтым драгацэнным маёрам.

З далейшых яе слоў высветлілася, што ўнізе яна наслухалася нямала аб тым, што місіс Чык прапанавала маёра ў спадарожнікі містэру Домбі і што містэр Домбі пасля некаторага хістання запрасіў яго.

— Спакойнай ночы, С'юзен, — сказала Фларэнс.

— Спакойнай ночы, мая любая, дарагая міс Флой.

Астаўшыся адна, Фларэнс апусціла галаву на рукі і, прыклаўшы другую руку да трапяткога сэрца, аддалася свайму гору.

Была сырая ноч, і ішоў меланхалічны дождж, які барабаніў і стукаў з нейкай стомленасцю. Ляніва дзьмуў вецер і абягаў,

186