енчучы, вакол дома, нібы пакутаваў ад болю або смутку. З прарэзлівым шумам трапяталі дрэвы. Пакуль яна сядзела і плакала, час ішоў, і на званіцы панура прабіла поўнач.
Фларэнс была амаль дзіцем — ёй яшчэ не споўнілася чатырнаццаць гадоў, — але смутак і нуда гэтай гадзіны, у вялікім доме, дзе смерць нядаўна зрабіла лютае спусташэнне, бадай, прымусіла-б і чалавека больш дарослага задумацца аб страшэнных рэчах. Але яе нявіннае ўяўленне было вельмі занята адным прадметам, каб яна над гэтым задумвалася. Нішто не займала яе думак, апрача любові, — так, глыбокай любові і непатрэбнай, — заўсёды накіраванай да бацькі.
У шуме дажджу, у завыванні ветру, у гойданні дрэў, ва ўрачыстым боі гадзінніка не было нічога, што магло-б адагнаць гэту адну думку або паслабіць яе важнасць.
Няшчаснае дзіця, яна не магла легчы спаць і — з таго часу — ні разу яшчэ не клалася, не зрабіўшы начнога паломніцтва да яго дзвярэй. Дзіўнае, сумнае відовішча: вось яна, цішком, спускаецца па лесвіцы ў пустым змроку, і з трапяткім сэрцам, затуманенымі вачыма, з распушчанымі валасамі спыняецца ля дзвярэй і прыціскаецца да іх звонку сваёй вільготнай шчакой. Але ноч ахутвала яе, і ніхто пра гэта не ведаў.
У тую ноч, ледзь дакрануўшыся да дзвярэй, Фларэнс пераканалася, што яны не замкнуты. Упершыню яны былі ледзь-ледзь прыадчынены, і пакой асветлены. Першым імпульсам баязлівай дзяўчынкі — і яна яму паддалася — было хутка адыйсці ад дзвярэй. Другім — вярнуцца і ўвайсці; гэты другі імпульс стрымаў яе ў нерашучасці на лесвіцы.
Дзверы былі прыадчынены, — праўда, на валасок, — але і гэта ўжо надавала надзеі. Яе падбадзёрыў прамень святла, што прабіўся праз цёмныя суровыя дзверы і ніткай працягнуўся па мрамарнай падлозе. Яна вярнулася, бадай ці разумеючы, што робіць, але ўзахвочаная сваёй любоўю і горам, якое яны перажылі разам, але не падзялілі, і, злёгку ўзняўшы рукі і дрыжучы, яна прашмыгнула ў пакой.
Бацька сядзеў за сваім старым сталом у сярэднім пакоі. Ён парадкаваў нейкія паперы. Дождж цяжка біў у аконныя шыбы ў першым пакоі, дзе ён так часта сачыў за небаракам Полем, калі той быў дзіцем, і ціхія скаргі ветру чуліся знадворку.
Але ён іх не чуў. Ён сядзеў, утаропіўшы позірк на стол, у такой глыбокай задуменнасці, што поступ значна больш цяжэйшы, чым лёгкі крок яго дачкі, мог-бы не прыцягнуць яго ўвагі. Яго твар быў павернуты да яе. Пры святле дагараючай лямпы і ў гэту змрочную гадзіну ён здаваўся змораным і сумным; і ў гэтай поўнай адзіноце, што яго акружала, быў нейкі заклік да Фларэнс, які балюча адазваўся ў ёй.
— Тата! Тата! Пагаварыце са мною, дарагі тата!
Ён уздрыгануўся ад гуку яе голасу і ўсхапіўся. Яна стаяла перад ім з працягнутымі рукамі, але ён адхіснуўся.