Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/189

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— О, так! О, так! — усклікнула Фларэнс.

— Небарака Домбі! Я таксама памятаю, — сказаў містэр Тутс.

Бачачы заплакаўшую Фларэнс, містэру Тутсу вельмі цяжка было перайсці да наступнага пункта, і ён ледзве не ўваліўся зноў у бездань маўчання. Але хіхіканне дапамагло яму ўтрымацца ля самага краю.

— Бачыце, — прадаўжаў ён, — міс Домбі! Я мог-бы ўкрасці яго за дзесяць шылінгаў, калі-б яны яго не аддалі, і я ўкраў-бы, але, здаецца, яны рады ад яго пазбавіцца. Калі вам хочацца яго мець, дык ён ля дзвярэй. Я знарок прывёз яга да вас. Ён, ведаеце, не дамскі сабака, — сказаў, містэр Тутс, — але вы нічога не маеце супроць гэтага, хіба не праўда?

Сапраўды, у гэты момант Дыаген — у чым яны хутка пераканаліся, паглядзеўшы ўніз на вуліцу, — выглядаў з акна наёмнага кабрыялета, куды яго ледзве заманілі, каб даставіць на месца.

Праўду кажучы, з усіх сабак ён менш за ўсё быў падобен да дамскага сабакі і, апанаваны нецярплівым жаданнем вырвацца на волю, меў зусім непрывабны выгляд, калі адрывіста цяўкаў, скрывіўшы зяпу, і, страціўшы роўнавагу, перакуліўся і паваліўся на салому, а пасля, задыхаючыся, зноў усхапіўся з высунутым языком, нібы з'явіўся ў лячэбніцу для агляду здароўя.

Але хоць Дыаген быў самым недарэчным сабакам, якога толькі можна напаткаць у летні дзень, — што трапляў ў нядобрае становішча, злашчасным, няўклюжым, круглагаловым сабакам, які заўсёды кіраваўся фальшывым уяўленнем, нібы недалёка знаходзіцца вораг, на якога вельмі пахвальна брахаць, — і хоць ён зусім не вызначаўся добрым норавам і быў, вядома, неразумны, і валасы звешваліся яму на вочы, і ў яго быў смешны нос, неспакойны хвост і хрыпаты голас, але — з прычыны таго, што Поль пра яго ўспомніў пры ад'ездзе і прасіў клапаціцца, — для Фларэнс ён быў даражэй, чым самы каштоўны і прыгожы прадстаўнік гэтага роду. А калі Дыаген, вызвалены, узляцеў па лесвіцы і ўварваўся ў пакой (а колькі было перад гэтым клопату, каб выцягнуць яго з кабрыялета!), забраўся пад мэблю і абкруціў доўгім жалезным ланцугом, што матаўся ў яго на шыі, ножкі крэслаў і сталоў, а пасля пачаў тузаць яго, пакуль аж вочы яго, дагэтуль схаваныя пад касматай поўсцю, ледзь не выскачылі з арбіт, і калі ён забурчэў на містэра Тутса, дамагаўся блізкага знаёмства, і накінуўся на Таулінсона, амаль не сумняваючыся ў тым, што гэта і ёсць той самы вораг, на якога ён ўсё жыццё брахаў з-за вугла, але ніколі яшчэ не бачыў, — Фларэнс была ім да таго задаволена, нібы ён быў цудам разважлівасці.

Містэр Тутс быў так узрадаван поспехам свайго падарунка і з такім захапленнем пазіраў на Фларэнс, якая нахілілася да Дыагена і гладзіла сваёй далікатнай ручкай яго жорсткую спіну, — Дыаген прыязна дазволіў гэта ў першую-ж хвіліну іх знаёмства, — што яму нялёгка было развітацца, і, бясспрэчна, ён

185