Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/178

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Ні на дзюйм! — сказаў містэр Каркер.

— Можа, вы думаеце пра вялікую літарў «Ф»? — сказаў капітан.

Містэр Каркер гэтага не адмаўляў.

— А як наконт «Л», — сказаў капітан, — або «О»?

Містэр Каркер па-ранейшаму ўсміхаўся.

— І зноў-такі мая праўда? — шэптам запытаўся капітан; ён быў так узрадаваны, што пунсовы абадок у яго на ілбе надзьмуўся.

З тае прычыны, што містэр Каркер ў адказ усміхаўся па-ранейшаму і заківаў у знак згоды, капітан Катль устаў і паціснуў яму руку, палка запэўняючы, што яны ўзялі адзін і той-жа курс, а што датычыць яго (Катля), то ён увесь час прытрымліваўся гэтага напрамку.

— Ён пазнаёміўся з ёю, — сказаў капітан з той таемнасцю і сур'ёзнасцю, якіх патрабавала гэта тэма, — незвычайным чынам, — вы памятаеце, як ён знайшоў яе на вуліцы, калі яна была зусім маленькай, — і з таго часу ён пакахаў яе, а яна яго, як толькі могуць пакахаць двое такіх юнакоў. Мы заўсёды казалі, Соль Джылс і я, што яны створаны адзін для другога.

Кот, малпа, гіена або чэрап не маглі-б паказаць капітану адразу столькі зубоў, колькі паказаў яму містэр Каркер за час іх спаткання.

— Усё ідзе да гэтага, — заўважыў шчаслівы капітан. — Як бачыце, вецер і плынь ідуць у адным напрамку. Падумайце, ён-жа прысутнічаў там у той дзень!

— Што вельмі спрыяе яго надзеям, — сказаў містэр Каркер.

— Падумайце, ён-жа быў узяты ў той дзень на буксір! — прадаўжаў капітан. — Што можа пусціць яго цяпер на волю хваль?

— Нішто, — адказваў містэр Каркер.

— Вы зноў-такі кажаце праўду, — прамовіў капітан, паціскаючы яму руку. — Вось іменна, нішто! Такім чынам, спакойна! Сын памёр, цудоўны малютка. Хіба не так?

— Так, сын памёр, — сказаў падатлівы Каркер.

— Скажыце слова, і ў вас будзе другі сын, — праказаў капітан. — Пляменнік вучонага дзядзі! Пляменнік Соля Джылса! Уольр! Уольр, які ўжо, працуе ў вашай фірме.

— Капітан Катль, — сказаў містэр Каркер, — вашы разважанні пра Уолтэра Гэя зусім і безумоўна правільныя. Думаю, што мы гутарым канфідэнцыяльна.

— Запэўняю вас! — уставіў капітан. — Ні слова.

— Ні яму, ні каму-б там ні было? — прадаўжаў загадчык.

Капітан Катль насупіўся і паківаў галавою.

— Я кажу цвёрда, што гэта факт. Вы адгадалі магчымыя вынікі.

— А што датычыць вашага галоўнага начальніка, — сказаў капітан, — ну, што-ж, няхай наша сустрэча адбудзецца сама па сабе, часу хапае.

174