Містэр Каркер, расцягнуўшы рот ад вуха да вуха, паўтарыў: «Часу хапае», прычым ён не сказаў выразна гэтых слоў, але прыязна схіліў галаву і без гуку пашавяліў языком і губамі.
— І з прычыны таго, што цяпер мне вядома… і гэта я заўсёды казаў… што Уольр ідзе насустрач свайму шчасцю, — сказаў капітан.
— Насустрач свайму шчасцю, — таксама нячутна паўтарыў містэр Каркер.
— І з прычыны таго, што гэта маленькая паездка Уольра ўваходзіць, калі так можна сказаць, у круг яго штодзённых заняткаў і дапасоўваецца да яго надзей тут… — сказаў капітан.
— Да яго надзей тут, — згадзіўся містэр Каркер таксама нячутна, як і раней.
— Дык вось, калі мне гэта вядома, — прадаўжаў капітан, — значыцца, спяшацца няма чаго, і я спакойны.
З тае прычыны, што містэр Каркер, па-ранейшаму не сказаўшы нічога ўголас, зноў пачціва выказаў згоду, капітан Катль умацаваўся ў сваім пераконанні, што гэта адзін з прыемнейшых людзей, якіх яму калі-небудзь даводзілася сустракаць, і нават сам містэр Домбі не прайграе, калі што-небудзь у яго пяройме.
— Да пабачэння! — сказаў капітан. — Я шмат гаварыць не ўмею, але я вам вельмі ўдзячны за тое, што вы былі такім ветлівым і шчырым. Вы мне даруеце, што я да вас уварваўся? — дадаў капітан.
— Ды што вы! — адказаў той.
— Дзякую вам. Каюта мая невялікая, — сказаў капітан, зноў варочаючыся, — але досыць утульная, і калі вам у любую гадзіну дня здарыцца быць каля Брыг-плейс, нумар дзевяты, можа, вы запішаце? — і падняцца наверх, не звяртаючы ўвагі на тое, што вам скажа асоба, якая адчыніць дзверы, я рад буду вас бачыць.
Пасля такога гасціннага запрашэння капітан сказаў: «Усяго найлепшага!», вышаў і зачыніў дзверы, пакінуўшы містэра Каркера ўсё ў той-жа самай позе ля каміна. У хітрым яго позірку і настарожанай позе, у яго фальшывых губах, якія былі расцягнуты, але не ўсміхаліся, у яго беззаганным гальштуку і бакенбардах, нават у тым, як ён моўчкі праводзіў сваёй мяккай рукой па беласнежнай бялізне і гладка выбрытым твары, было нешта кацінае. Капітан, які нічога не падазраваў, вышаў, зачарованы сваёй урачыстасцю, з прычыны чаго нават змяніўся фасон яго шырокага сіняга фрака. «Трымайся мацней, Нэд! — сказаў сабе капітан. — Ну, браце, сёння вам удасца сёе-тое зрабіць для маладых людзей».
РАЗДЗЕЛ XVIII
Бацька і дачка.
У доме містэра Домбі цішыня. Слугі, штурхаючы, шмыгаюць уверх і ўніз па лесвіцы, але іх крокаў не чуваць. Місіс Уікем, з поўнымі слёз вачыма, расказвае меланхалічныя гісторыі, апа-