Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/159

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Аднак вы рана, Уольр, — сказаў капітан, усё яшчэ недаверліва на яго паглядаючы, пакуль яны падымаліся наверх.

— Вось у чым справа, капітан Катль, — сядаючы, сказаў Уолтэр, — я баяўся, што вы пойдзеце, а мне патрэбна ваша сяброўская парада.

— Вы яе атрымаеце, — сказаў капітан. — Чым вас пачаставаць?

— Вашай думкай, капітан Катль, — з усмешкай адказваў Уолтэр. — Больш мне нічога не патрэбна.

— У такім выпадку прадаўжайце, — сказаў капітан. — З прыемнасцю, мой хлопчык!

Уолтэр расказаў яму пра тое, што здарылася; пра цяжкасці, якія ўзніклі ў яго ў сувязі з дзядзькам, і пра тую палёгку, якую ён адчуе, калі капітан Катль па дабраце сваёй дапаможа яму гэта згладзіць; бясконцае здзіўленне і неразуменне капітана Катля, выкліканыя перспектывай, якая перад ім адкрылася, паступова паглынулі гэтага джэнтльмена, пакуль яго твар не пазбавіўся якога-б там ні было выразу, а сіні касцюм, глянцавіты капялюш і кручок, здавалася, пазбавіліся гаспадара.

— Бачыце, капітан Катль, — прадаўжаў Уолтэр, — што датычыць мяне, то я малады, як сказаў містэр Домбі, і пра мяне няма чаго думаць. Я павінен прабіваць сабе дарогу ў жыццё, я гэта ведаю; але па дарозе сюды я думаў пра тое, што павінен быць асцярожны ў двух пунктах, паколькі гэта датычыць дзядзі. Я не хачу сказаць, быццам заслугоўваю таго, каб мяне лічылі гонарам і шчасцем яго жыцця, — ведаю, вы мне верыце, — але тым не менш гэта так. Ці не здаецца вам, што гэта так?

Капітан нібы зрабіў спробу падняцца з бяздоння здзіўлення і зноў набыць свой выгляд, але гэтае намаганне ні да чаго не прывяло, і глянцавіты капялюш толькі кіўнуў маўкліва з невымоўнай многазначнасцю.

— Калі я буду жыў і здароў, — сказаў Уолтэр, — а пра гэта ў мяне няма апасак, усё-ж, пакідаючы Англію, я наўрад ці магу, спадзявацца ўбачыць зноў дзядзю. Ён стары, капітан Катль, апрача таго яго жыццё заснована на прывычнай…

— Стоп, Уолтэр! На прывычнай адсутнасці пакупнікоў, — сказаў капітан Катль, раптам ажываючы.

— Зусім правільна, — адказваў Уолтэр, ківаючы галавой, — але я меў на ўвазе ўклад яго жыцця, капітан Катль, пастаянныя прывычкі. І калі-б (як вы вельмі справядліва заўважылі) ён памёр дачасна, страціўшы тавары і ўсе рэчы, да якіх прывык за столькі гадоў, то ці не думаеце вы, што ён памёр-бы яшчэ раней страціўшы…

— Свайго пляменніка, — уставіў капітан. — Правільна!

— Значыцца, — сказаў Уолтэр, спрабуючы гаварыць весела, — мы павінны запэўніць яго, што разлука гэта ўрэшце толькі часовая. Але-ж я лепш ведаю, капітан Катль, ці баюся, што лепш ведаю, а таму што ў мяне столькі падстаў адносіцца да яго з любоўю і пашанай, то баюся, каб не астацца мне зусім безда-

155