Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/158

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

гарду — зняважлівую і ганебную думку, што Уолтэр зусім не супраць жыць у бяздзейнасці на сродкі збяднеўшага старога, і гэта абразіла благародную душу хлопчыка. Рашыўшы даказаць містэру Домбі, — наколькі можна было гэта даказаць без слоў, — што той меркаваў аб ім няправільна, Уолтэр стараўся пасля размовы пра Вест-Індыю быць яшчэ весялейшым і растаропнейшым, чым раней.

Ён быў надта малады і неспрактыкаваны і не думаў аб тым, што гэта самая якасць можа быць непрыемнай містэру Домбі.

«Ну, што-ж. Нарэшце прыдзецца сказаць дзядзьку Солю», уздыхнуўшы, падумаў Уолтэр.

А з прычыны таго, што Уолтэр баяўся, што голас яго, бадай, можа здрыгануцца і фізіяномія яго будзе не такой вясёлай, як яму-б хацелася, калі ён сам скажа пра гэта старому і ўбачыць па маршчыністым яго твары, якое ўражанне зрабіла гэтая вестка, ён рашыў звярнуцца да паслуг магутнага пасрэдніка — капітана Катля. Таму, калі надышла нядзеля, ён вырашыў пасля снедання зайсці ў жыллё капітана Катля.

Дарогай ён з прыемнасцю ўспомніў, што кожную раніцу ў нядзелю місіс Мак-Стынджэр робіць далёкае падарожжа, каб паслухаць пропаведзь прэпадобнага Мельхіседэка Хаўлера.

Уолтэр спяшаўся колькі было сіл, каб застаць капітана дома, і неўзабаве, павярнуўшы на Брыг-плейс, меў прыемнасць убачыць шырокі сіні фрак і жылет, вывешаныя з адчыненага акна капітана на сонца для выветрывання.

Здавалася непраўдападобным, што смяротны мог убачыць фрак і жылет без капітана, але апошні, бясспрэчна, не быў у іх апрануты, у праціўным выпадку ногі яго — дамы на Брыг-плейсе невысокія — перагараджалі-б уваход у парадныя дзверы, які быў зусім свабодным. Здзіўлены гэтым адкрыццем, Уолтэр адзін раз пастукаў.

«Стынджэр!» выразна пачуў ён вокліч капітана, які далятаў зверху з яго пакоя, нібы стук яго зусім не датычыў. Тады Уолтэр пастукаў два разы.

«Катль!» пачуў ён вокліч капітана; і адразу-ж капітан у чыстай рубашцы і падцяжках, з хусткай, свабодна завязанай вакол шыі накшталт скручанай у кальцо вяроўкі і у глянцавітым капелюшы, з'явіўся ў акне, выглядаючы з-за шырокага сіняга фрака і жылета.

— Уольр! — усклікнуў капітан, са здзіўленнем пазіраючы на яго ўніз.

— Так, так, капітан Катль, — адказваў Уолтэр, — гэта толькі я.

— Што здарылася, мой хлопчык? — з вялікай трывогай запытаўся капітан. — Ці не здарылася яшчэ што-небудзь з Джылсам?

— Не, не, — адказаў Уолтэр. — У дзядзі ўсё добра, капітан Катль.

Капітан выказаў задаволенасць, спусціўся ўніз і адпёр дзверы.

154