паможным, калі я паспрабую яго пераконваць. Вось галоўная прычына, чаму я хачу, каб пра гэта паведамілі яму вы; і гэта пункт першы.
— Павярніце на тры румбы[1], — задумлівым тонам заўважыў капітан.
— Што вы сказалі, капітан Катль? — запытаўся Уолтэр.
— Трымайся мацней! — глыбокадумна адказаў капітан.
Уолтэр замоўк, каб пераканацца, ці не мае капітан дадаць да гэтага якую-небудзь асаблівую заўвагу, але з прычыны таго, што той нічога не сказаў больш, ён загаварыў зноў:
— Цяпер пункт другі, капітан Катль. На жаль, павінен сказаць, што містэр Домбі не вельмі прыязна становіцца да мяне. Я заўсёды стараўся рабіць усё як мага лепш, але ён усё-такі мяне не любіць. На гэта месца ён мяне пасылае не таму, што яно добрае; і я вельмі сумняваюся, каб яно калі-небудзь дапамагло мне заняць лепшае становішча ў фірме; яно, мне здаецца, з'яўляецца сродкам пазбавіцца ад мяне і прыбраць з дарогі. Але пра гэта ні слова мы не павінны гаварыць дзядзю, капітан Катль; мы павінны па меры сіл паказаць гэтае месца выгадным і шматабяцаючым; а калі я вам расказваю, якое яно на самай справе, то раблю гэта толькі для таго, каб на радзіме ў мяне быў сябра, які ведае сапраўднае становішча, у выпадку калі з'явіцца калі-небудзь магчымасць аказаць мне дапамогу там, далёка.
Капітан працягнуў руку Уолтэру з такім выглядам, які быў больш красамоўным за словы.
— Капітан Катль, — прадаўжаў Уолтэр, беручы абодвума рукамі працягнутую яму капітанам вялізную лапу, — пасля майго дзядзі Соля я больш за ўсіх люблю вас. Вядома, няма на свеце нікога, каму-б я мог больш давяраць. Што датычыць ад'езду, капітан Катль, дык мяне гэта не турбуе; чаго-б я пачаў турбавацца? Каб я меў волю шукаць шчасце, каб я меў волю паехаць простым матросам, каб я меў волю спусціцца на свой страх на край зямлі — я з радасцю паехаў-бы! Я з радасцю паехаў-бы ўжо некалькі гадоў назад і паглядзеў-бы, што з гэтага выйдзе. Але гэта супярэчыла жаданням майго дзядзі і планам, якія ён для мяне будаваў, і тым справа і скончылася. Але я адчуваю, капітан Катль, што мы ўвесь час крыху памыляліся, і, калі ўжо гаварыць пра мае погляды на будучае, становішча маё цяпер ніколькі не лепшае, чым у той час, калі я толькі што паступіў у фірму Домбі, магчыма, крыху горшае, бо тады фірма, бадай, была больш прыхільнай да мяне; а цяпер гэта, вядома, не так.
— Між іншым, я не скарджуся, — дадаў ён з уласцівым яму бадзёрым, ажыўленым, энергічным выглядам. — Мне няма на што скардзіцца. Я забяспечаны. Я магу жыць. Пакідаючы дзядзю, я пакідаю яго на вас; і няма лепшага чалавека, на якога я
- ↑ Румб — 1/52 частка гарызонта. Картушка компаса падзелена на 32 румбы.