жанае і цяжкое намаганне, якое вы не думаеце рабіць; але вы-ж ведаеце, Фані, на гэтым свеце на ўсё патрэбна натуга, і мы не павінны саступаць, калі так многа ад нас залежыць. Ну! Паспрабуйце! Няйначай, давядзецца мне на вас пакрычаць, калі вы гэтага не зробіце!
У наступіўшай цішыні спаборніцтва ў бегу стала шалёным і лютым. Гадзіннікі нібы наляталі адзін на адзін і падстаўлялі ножку.
— Фані! — прадаўжала Луіза, аглядаючыся з нарастаючай трывогай. — Вы хоць зірніце на мяне. Адкрыйце толькі вочы, каб паказаць, што вы мяне чуеце і разумееце, добра? Божа мой, што-ж цяпер рабіць, джэнтльмены?
Абодва медыкі абмяняліся праз ложак позіркамі, і доктар, нагнуўшыся, шапнуў нешта на вуха дзяўчынцы. Не разумеючы сэнсу яго слоў, малая павярнула да яго вельмі бледны твар з глыбокімі цёмнымі вачыма, але не выпусціла з абдымкаў маткі.
Зноў шэпт.
— Мама! — сказала дзяўчынка.
Дзіцячы голас, знаëмы і горача любімы, выклікаў пробліск свядомасці, якая ўжо згасала. На момант апушчаныя павекі ўздрыгануліся, ноздры заварушыліся, і мільгануў слабы цень усмешкі.
— Мама! — плачучы, усклікнула дзяўчынка. — О, дарагая мама! Дарагая мама!
Доктар мякка адхінуў рассыпаўшыяся кудры дзіцяці ад твара і губ маткі. На жаль, яны ляжалі спакойна — вельмі слабае было дыханне, каб паварушыць іх.
Так, трымаючыся моцна за гэтую хрупкую трысцінку, што прытулілася да яе, матка адплыла ў цёмны і невядомы акіян, які абмывае ўвесь свет.
РАЗДЗЕЛ II
у якім своечасова прымаюцца захады з прычыны нечаканага збегу акалічнасцей, якія ўзнікаюць часам у самых упарадкаваных сем'ях.
— Я ніколі не пакіну радавацца таму, — заявіла місіс Чык, — што сказала, калі менш за ўсё магла прадбачыць тое, што здарылася, — сапраўды, мне нібы нешта ўспала на думку, — сказала, што я ўсё дарую гаротнай дарагой Фані. Што-б ні здарылася, гэта назаўсёды астанецца для мяне ўцяшэннем!
Гэту унушальную заўвагу місіс Чык зрабіла ў гасцінай, куды спусцілася зверху, дзе наглядала за швачкамі, занятымі шыццём траурнага адзення на сям’ю. Яна сказала яе ў інтарэсах містэра Чыка, дароднага лысага джентльмена, з вельмі шырокім тварам, які заўсёды трымаў рукі ў кішэнях і меў прыроджаную ўласці-