Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/16

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

васць насвістваць і мармытаць арыі, уласцівасць, якую ён, разумеючы непрыстойнасць падобных гукаў у доме смутку, ледзьве стрымліваў у сучасны момант.

— Не ператамляйцеся, Лу, — сказаў містэр Чык, — а не то у вас будзе прыпадак. Ля-ля-ля, пам-пам-пім! Ах, божа-ж мой, забыўся! Сёння мы жывыя, а заўтра памром!

Місіс Чык задаволілася дакорлівым позіркам, а пасля прадаўжала сваю размову.

— Так, — сказала яна, — спадзяюся, гэтая ўзрушаючая падзея паслужыць для ўсіх нас перасцярогай і навучыць нас быць бадзерымі і своечасова рабіць намаганні, калі яны ад нас патрабуюцца. 3 усяго можна пачарпнуць мараль, калі-б мы толькі умелі ёю карыстацца. Наша будзе віна, калі мы і цяпер яе ўпусцім.

Містэр Чык парушыў урачыстую цішыню, якая настала адразу пасля гэтай заўвагі, у вышэйшай ступені не да месца спевам: «Шавец ён быў» і, перапыніўшы яго з некаторай збянтэжанасцю, сказаў, што, бясспрэчна, гэта наша віна, калі мы не выкарыстоўваем такіх сумных падзей.

— Я думаю, містэр Чык, што ад іх можна атрымаць больш карысці, — запярэчыла яго жонка пасля нядоўгага маўчання, — калі не напяваць бяссэнснага і нячулага матыву: «рам-пам-пам, ля-ля, ля-лям!» — якім містэр Чык сапраўды цешыў сябе цішком і які місіс Чык узнавіла з бязмернай пагардай.

— Гэта толькі прывычка, дарагая мая, — папрасіў прабачэння містэр Чык.

— Глупства! Прывычка! адазвалася жонка. — Калі Вы стварэнне разумнае, не карыстайцеся такімі недарэчнымі тлумачэннямі. Прывычка! Калі-б у мяне развілая прывычка, як вы гэта называеце, разгульваць па столі, як мухі, думаю, што я досыць пра гэта наслухалася-б.

Здавалася вельмі падобным на праўду, што такая прывычка заслужыла-б некаторую вядомасць, а таму містэр Чык не адважыўся аспрэчваць гэтае меркаванне.

— Як маецца дзіцянё, Лу? — запытаўся містэр Чык, жадаючы перамяніць тэму гаворкі.

— Пра якое дзіцянё вы гаворыце? — запыталася Місіс Чык. — Дапраўды-ж, ні адзін разважлівы чалавек не паверыў-бы, якая жахлівая раніца для мяне была там унізе, у сталовай, з гэтай масай дзяцей.

— Маса дзяцей? — паўтарыу містэр Чык, з трывогай азіраючыся.

— Вельмі многія здагадаліся-б, — прадаўжала місіс Чык, — што цяпер, калі больш няма з намі беднай любай Фані, узнікае патрэба падшукаць карміліцу.

— О! А! — праказаў містэр Чык. — Трам-там… Такое жыццё, хацеў я сказаць. Спадзяюся, вы знайшлі сабе па густу, дарагая мая?

12