— Што з вамі, любы мой Поль? — усклікнула яго сястра, калі ён вярнуўся. — Які вы бледны! Нічога не здарылася?
— На жаль, Луіза, яны мне сказалі, што Фані…
— О! Любы мой Поль, — перапыніла яго сястра, устаючы, — не верце ім! Калі вы ў нейкай ступені верыце ў мой вопыт, Поль, вы можаце быць ўпэўнены, што усë добра і нічога, апрача намагання з боку Фані, не патрэбна. А да гэтага намагання, — прадаўжала яна, заклапочана здымаючы капялюш і папраўляючы чэпчык і пальчаткі, — варта яе падбухторыць і, нават, калі будзе неабходна, прымусіць. Цяпер, дарагі мой Поль, пойдзем разам наверх.
Містэр Домбі згадзіўся і адразу-ж пайшоў за ëю у пакой хворай.
Жонка ляжала на ложку як і раней, прыціскаючы да грудзей маленькую дачку. Дзяўчынка прытулілася да яе таксама горача, як і раней, і не падымала галавы, не адрывала сваёй далікатнай шчочкі ад твара маткі, не пазірала на акружаючых, не гаварыла, не варушылася і не плакала.
— Хвалюецца без дзяўчынкі, — шаптаў доктар містэру Домбі. — Мы палічылі патрэбным зноў упусціць яе.
Так урачыста ціха было ля пасцелі, і абодва медыкі, здавалася, пазіралі на нерухомую фігуру з такім спачуваннем і такою безнадзейнасцю, што місіс Чык на секунду пакінула свае намеры. Але адразу, прызваўшы на дапамогу мужнасць і тое, што яна называла прысутнасцю духу, яна села ля ложка і сказала ціхім, выразным голасам, як гаворыць чалавек, які стараецца разбудзіць соннага:
— Фані! Фані!
Ні слова ў адказ, толькі гучнае ціканне гадзінніка містэра Домбі і гадзінніка доктара Паркера Пепса, якія нібы спаборнічалі ў бегу сярод мёртвай цішыні.
— Фані, любая мая, — прытворна вясёлым тонам сказала місіс Чык, — містэр Домбі прышоў вас наведаць. Ці не хочаце з ім пагаварыць? Да вас у пасцель збіраюцца пакласці вашага сына, вашага малютку, Фані; вы, здаецца, амаль яго не бачылі, але гэтага нельга зрабіць, пакуль вы не будзеце крышачку лепш сябе адчуваць. Ці не думаеце вы, што час ужо трошкі падбадзёрыцца? Што?
Яна наблізіла вуха да пасцелі і прыслухалася, у той-жа час акінуўшы позіркам навакольных і падняўшы палец.
— Што? — паўтарыла яна. — Што вы сказалі, Фані? Я не дачула.
Ні слова, ні гуку ў адказ. Гадзіннік містэра Домбі і гадзіннік доктара Паркера Пепса нібы паскорылі бег.
— Няйначай, Фані, любая мая, — сказала залоўка, мяняючы позу і мімаволі загаварыўшы менш упэўнена і больш сур’ёзна, — мне давядзецца на вас раззлавацца, калі вы не падбадзёрыцеся. Неабходна, каб вы зрабілі намаганне і, магчыма, вельмі напру-