тага месяца, прызначаную а палове восьмай, прычым будуць танцаваць кадрыль. Ён пераканаўся таксама, зірнуўшы на стол, за якім сядзеў містэр Фідэр, што доктар і місіс Блімбэр запрашаюць да сябе на вечарынку па той-жа прыемнай прычыне і містэра Брыгса, і містэра Тозера, і ўсіх маладых джэнтльменаў.
Пасля містэр Фідэр, на вялікую яго радасць, паведаміў, што яго сястра запрошана, што гэтая падзея завяршае паўгоддзе і што канікулы пачнуцца ў той дзень, і ён, калі хоча, можа паехаць з сястрой пасля вечарынкі; тут Поль перапыніў яго і сказаў, што ён вельмі хоча гэтага. Пасля містэр Фідэр даў яму зразумець аб неабходнасці напісаць доктару і місіс Блімбер прыгажэйшым почыркам, што містэр П. Домбі шчаслівы, маючы гонар наведаць іх згодна іх ласкавага запрашэння.
Поль падзякаваў містэру Фідэру за гэтыя ўказанні, схаваў запрашальны білет у кішэню і сеў, як заўсёды, на зэдлік каля містэра Тутса. Але галава Поля, якая даўно ўжо пабольвала, а іншы раз бывала вельмі цяжкой і вельмі балела, была ў той вечар такой затуманенай, што ён вымушаны быў падперці яе рукою. Аднак, яна апускалася ўсё ніжэй і ніжэй, прыхінулася да калена містэра Тутса і асталася тут, нібы ёй не патрэбна было зноў падняцца.
Не было ў яго ніякіх падстаў аглухнуць, але, напэўна гэта здарылася, падумаў ён, бо хутка пачуў, што містэр Фідэр кліча яго над самым вухам і ціхенька падштурхвае, жадаючы прыцягнуць яго ўвагу. А калі ён спалоханы падняў галаву і аглянуўся навокал, ён убачыў, што ў пакоі знаходзіцца доктар Блімбер, што акно расчынена і лоб у яго змочаны вадой, хоць сапраўды было вельмі дзіўна, якім чынам усё гэта адбылося без яго ведама.
— А! Ну-ну! Цудоўна! Як адчуваеце сябе зараз, мой маленькі сябра? — падбадзёрваюча сказаў доктар Блімбер.
— Вельмі добра, дзякую вам, сэр, — адказваў Поль.
Але, мабыць, здарылася нешта нядобрае з падлогай, бо ён не мог стаяць на ёй цвёрда, ды і са сценамі, бо яны былі схільны круціцца, і спыніць іх можна было толькі пільна на іх гледзячы. Галава містэра Тутса адначасова здавалася такой вялікай і была так далёка, што гэта было не зусім натуральна, а калі ён узяў Поля на рукі, каб занесці наверх, Поль са здзіўленнем заўважыў, што дзверы знаходзяцца зусім не там, дзе ён меркаваў іх убачыць, і ў першы момант ён гатовы быў падумаць, што містэр Тутс збіраецца прайсці проста цераз дымаход.
Было вельмі прыязна з боку містэра Тутса занесці яго так ласкава ў верхні паверх дома, і Поль яму аб гэтым сказаў. Але містэр Тутс адказаў, што зрабіў-бы значна больш, калі-б гэта было магчыма; ды ён больш і зрабіў, бо дапамог Полю распрануцца і з найвялікшым добрадушшам палажыў яго ў