пасцель і пасля сеў ля ложка і вельмі шмат хіхікаў, а містэр Фідэр, бакалаўр мастацтваў, нахіліўшыся над ложкам, кастлявай рукой уздыбіў сваё кароткае шчацінне на галаве, а пасля прыкінуўся, быццам нападае на Поля па ўсіх правілах навукі з прычыны поўнага яго выздараўлення, і гэта было так забаўна і так міла з боку містэра Фідэра, што Поль, не ведаючы, смяяцца яму патрэбна ці плакаць, і плакаў, і смяяўся адначасова.
Як знік містэр Тутс, а містэр Фідэр ператварыўся ў місіс Піпчын, Полю не прышло ў галаву запытацца, ды ён гэтым зусім і не цікавіўся; але, убачыўшы, што замест містэра Фідэра ў нагах ля ложка стаіць місіс Піпчын, ён усклікнуў:
— Місіс Піпчын, не гаварыце Фларэнс!
— Пра што не гаварыць Фларэнс, мой маленькі Поль? — запыталася місіс Піпчын, абышоўшы ложак і сядаючы на крэсла.
— Пра мяне, — сказаў Поль.
— Не, не, — сказала місіс Піпчын.
— Як вы думаеце, місіс Піпчын, што я хачу зрабіць, калі вырасту? — запытаўся Поль, паварачваючыся на падушцы да яе тварам і задумліва апускаючы падбародак на складзеныя рукі.
Місіс Піпчын не магла адгадаць.
— Я хачу, — сказаў Поль, — пакласці ўсе свае грошы ў банк, не здабываць іх яшчэ больш, паехаць за горад з маёй любай Фларэнс, дзе будзе прыгожы сад, палі і лясы, і жыць там з ёю ўсё жыццё!
— Вось як! — усклікнула місіс Піпчын.
— Так, — сказаў Поль. — Вось што я хачу зрабіць, калі я…
Ён запнуўся і на секунду задумаўся.
Шэрыя вочы місіс Піпчын углядаліся ў яго ўважлівы твар.
— Калі я вырасту, — сказаў Поль.
Пасля ён зараз-жа пачаў расказваць місіс Піпчын пра вечарынку, пра запрашэнне Фларэнс, пра тое, як ён будзе ганарыцца тым зачараваннем, якое яна выкліча ва ўсіх хлопчыкаў, пра тое, якія яны добрыя да яго і любяць яго, як ён іх любіць і як ён гэтаму радуецца. Пасля ён расказаў місіс Піпчын пра аналіз і пра тое, што ён, зразумела, дзівакаваты, і захацеў даведацца, што думае пра гэта місіс Піпчын, а таксама, ці вядома ёй, чаму гэта здарылася і што гэта азначае. Місіс Піпчын, выбраўшы найлягчэйшы спосаб выблытацца з цяжкога становішча, начыста адмаўляла гэты факт, але Поль далёка не задаволіўся такім адказам і так дапытліва глядзеў на місіс Піпчын чакаючы больш праўдзівых слоў, што яна вымушана была ўстаць і паглядзець у акно, каб унікнуць яго позірку.
Нейкі ціхі лекар, які наведваў установу, калі захворваў хто-небудзь з маладых джэнтльменаў, якімсьці чынам пранік у пакой і паявіўся ля пасцелі разам з місіс Блімбер. Як апыну-