Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/144

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

быў утульны пакой; ложак стаяў у другім маленькім пакоіку, сумежным, а флейта, на якой містэр Фідэр не ўмеў яшчэ граць, але, па яго словах, паставіў сабе за мэту навучыцца, вісела над камінам. Было тут таксама некалькі кніжак і вуда, бо, па словах містэра Фідэра, ён абавязкова навучыцца вудзіць, калі ў яго будзе вольны час.

Але найвялікшым скарбам містэра Фідэра была вялікая зялёная банка нюхальнага тутуну, якую містэр Тутс прывёз у падарунак пасля заканчэння апошніх вакацый і за якую заплаціў вельмі дорага. Ні містэр Тутс, ні містэр Фідэр не маглі пачаставацца ні адным панюхам, нават самым умераным, каб не расчыхацца да сударгаў. Тым не менш вялікім здавальненнем было для іх змачыць тутун у табакерцы халодным чаем, размяшаць яго на лісце пергамента нажом для разразання паперы і час ад часу яго ўжываць. Напіхаючы сабе насы, яны цярпелі жудаснае катаванне з непахіснасцю пакутнікаў і, выпіваючы ў прамежках сталовае піва, пацяшаліся ўсім хараством разгулу.

Для маленькага Поля, які моўчкі сядзеў у іх кампаніі каля галоўнага свайго патрона, містэра Тутса, у гэтых бяспутных занятках было нейкае жудаснае зачараванне; а калі містэр Фідэр пачынаў гутарку аб змрочных таямніцах Лондана і паведамляў містэру Тутсу, што мае намер у часе бліжэйшых канікул вывучыць яго ўважліва з усіх бакоў, і з гэтай мэтай дамовіўся пасяліцца ў пансіёне ў двух старых лэдзі ў Пекеме, Поль пазіраў на яго, нібы бакалаўр мастацтваў быў героем якой-небудзь кнігі падарожжаў або непраўдападобных прыгод, і нават крыху пабойваўся такога адважнага чалавека.

Увайшоўшы неяк вечарам у гэты пакой, калі ўжо набліжаліся канікулы, Поль убачыў, што містэр Фідэр запаўняе прабелы ў нейкіх надрукаваных пісьмах, а містэр Тутс складвае і запячатвае іншыя, ужо запоўненыя і раскладзеныя перад ім. Містэр Фідэр сказаў:

— Ага, Домбі, вось і вы! — бо яны былі заўсёды ласкавы з ім і рады былі яго бачыць; а пасля дадаў, кінуўшы яму адно з пісем. — А вось для вас, Домбі. Гэта вам.

— Мне, сэр? — сказаў Поль.

— Запрашальны білет вам, — адказаў містэр Фідэр.

Поль глянуў: на білеце было выгравіравана — толькі яго імя і чысло напісаны былі рукою містэра Фідэра, — што доктар і місіс Блімбер просяць містэра П. Домбі наведаць раннюю вечарынку ў сераду вечарам семнаццатага гэтага месяца, што яна прызначана а палове восьмай і што будуць танцаваць кадрыль. Містэр Тутс, узяўшы такі самы лісток паперы, ў сваю чаргу паказаў яму, што доктар і місіс Блімбер просяць містэра Тутса наведаць раннюю вечарынку ў сераду вечарам семнаццатага гэ-

140