перш сем, але пасля зменшылася. Паводзіны, адпавядаючыя джэнтльмену, чатыры і паступова паляпшаюцца». Цяпер, Домбі, я хачу звярнуць асаблівую вашу ўвагу на агульныя заўвагі ў канцы гэтага аналіза.
Поль падрыхтаваўся слухаць з асаблівай увагай.
— «Што датычыць агульных заўваг, — прадаўжала міс Блімбер, чытаючы гучным голасам і праз кожныя два словы скіроўваючы свае акуляры на маленькую фігурку, — можна сказаць пра Домбі, што здольнасці і нахільнасці яго добрыя і што ён зрабіў такія поспехі, на якія пры даных абставінах можна было разлічваць. Але шкада, што гэты малады джэнтльмен вызначаецца дзіўнасцямі ў характары і паводзінах і што, не праяўляючы такіх рысаў, якія яўна заслугоўвалі-б ганьбавання, ён часта бывае вельмі не падобен да іншых маладых джэнтльменаў яго ўзросту і соцыяльнага становішча». Ну-с, Домбі, — сказала міс Блімбер, кладучы паперу на стол, — вы гэта разумееце?
— Здаецца, разумею, паненка, — сказаў Поль.
— Гэты аналіз, Домбі, — прадаўжала міс Блімбер, — будзе, як вы ведаеце, пасланы дадому вашаму паважанаму бацьку. Зразумела, яму вельмі непрыемна будзе даведацца, што ў вас ёсць дзіўнасці ў характары і паводзінах. Зразумела, гэта непрыемна нам, бо вы ведаеце, Домбі, што мы не можам вас любіць так, як хацелі-б гэтага.
Яна закранула балючае месца дзіцяці. Па меры таго, як набліжаўся дзень яго ад'езду, ён з кожным днём усё больш клапаціўся ўпотайку аб тым, каб усе ў доме яго любілі. Па нейкай скрытнай прычыне, якую вельмі смутна ён усведамляў, а магчыма і зусім не ўсведамляў, ён адчуваў, як паступова ўзмацняецца яго пяшчотнасць амаль што да ўсіх і да ўсяго ў гэтым доме. Яму нясцерпна было думаць аб тым, што яны астануцца зусім роўнадушнымі да яго, калі ён паедзе. Яму хацелася, каб яны ўспаміналі пра яго добра, і ён паставіў перад сабою задачу ўласкавіць нават вялікага ахрыплага калматага сабаку, што сядзеў на ланцугу за домам, які спачатку наводзіў на яго жах, каб і ён адчуў яго адсутнасць, калі яго тут не будзе.
Мала думаючы аб тым, што ён лішні раз выяўляе непадабенства са сваімі равеснікамі, бедны маленькі Поль выклаў усё гэта як мага лепш міс Блімбер і ўпрашаў яе, не гледзячы на афіцыйны аналіз, пастарацца палюбіць яго.
Да місіс Блімбер, якая далучылася да іх, ён звярнуўся з такою-ж просьбай; а калі гэта лэдзі нават у яго прысўтнасці не ўтрымалася і ўпамянула, як было нярэдка, пра яго дзіўнасці, Поль ёй адказаў, што, вядома, яе праўда, і, відаць, гэта ў яго ў касцях, але ён нічога не ведае і спадзяецца, што яна паглядзіць на гэта скрозь пальцы, таму што ён любіць іх усіх.
— Вядома, не так люблю, — сказаў Поль сарамліва і ў той-жа час са шчырасцю, якая была адной з своеасаблівых і прываб-