васцю і так часта пытаўся ў яе, як яна маецца, калі яна наведвала маленькага Поля, што ўрэшце, неяк вечарам, яна сказала яму проста, што не прывыкла да гэтага, што-б ён там ні думаў, і не можа і не хоча цярпець гэта ад яго або ад іншага малакасоса; пасля такога нечаканага адказу на яго ласкі містэр Тутс быў так устрывожаны, што хаваўся ў зацішным месцы, пакуль яна не пайшла. З таго часу ён ні разу не сустракаўся тварам у твар з доблеснай місіс Піпчын пад дахам доктара Блімбера.
Аставалася два-тры тыдні да канікул, калі аднойчы Карнелія Блімбер паклікала да сябе ў пакой Поля і сказала:
— Домбі, я збіраюся паслаць дадому ваш аналіз.
— Дзякую вам, паненка, — адказаў Поль.
— Вы разумееце, аб чым я гавару, Домбі? — запыталася міс Блімбер, строга пазіраючы на яго праз акуляры.
— Не, паненка.
— Домбі, Домбі, — сказала міс Блімбер, — я пачынаю баяцца, што вы нядобры хлопчык. Калі вы не разумееце якога-небудзь выразу, чаму вы не пытаецеся, каб вам растлумачылі?
— Місіс Піпчын гаварыла мне, каб я не пытаўся, — адказваў Поль.
— Я павінна прасіць вас, Домбі, каб пры мне вы ні ў якім выпадку не ўпаміналі пра місіс Піпчын, — запярэчыла міс Блімбер. — Гэтага я не магу дапусціць.
— Я не хацеў, паненка… — пачаў маленькі Поль.
— Будзьце ласкавы, Домбі, патурбуйцеся не гаварыць мне, чаго іменна вы не хацелі, — сказала міс Блімбер, якая аставалася пагрозна далікатнай нават тады, калі давала вымову. — Такіх разважанняў я зусім не магу дапусціць.
Поль палічыў самым разумным нічога не гаварыць; таму ён толькі паглядзеў на акуляры міс Блімбер. Міс Блімбер, сур'ёзна паківаўшы галавой, узяла паперу, якая ляжала перад ёю.
— «Аналіз, — прадаўжала міс Блімбер, накіраваўшы позірк на паперу, — характару П. Домбі. Я лічу, што прыродныя здольнасці Домбі надзвычай добрыя і што схільнасць яго да навучання заслугоўвае той-жа ацэнкі. Прымаючы восем за наша мярыла і вышэйшую адзнаку, я лічу, што кожная з гэтых якасцей Домбі вымяраецца шасцю і трыма чвэрткамі».
Міс Блімбер спынілася, каб паглядзець, як прыняў гэтую навіну Поль. Добра не ведаючы, што азначаюць тры чвэрткі, — ці гэта шэсць фунтаў пятнаццаць шылінгаў, шэсць пенсаў тры фартынгі, шэсць футаў тры дзюймы, шэсць гадзін сорак пяць хвілін або шэсць нейкіх прадметаў, якія ён яшчэ не вывучыў, з нейкімі трыма невядомымі, — Поль пацёр рукі і паглядзеў проста на міс Блімбер. Выявілася, што гэты адказ быў не горш за ўсякі іншы, які ён мог даць; і Карнелія прадаўжала:
— «Гарачнасць — два. Эгаізм — два. Схільнасць да благога грамадства, якая праявілася ў адносінах чалавека, імя якога Глаб,