гэтым прадмеце, і таму Тозер заўсёды быў у смяротным страху, не ведаючы, калі дзядзька пачне выпад і на які аўтарытэт ён будзе спасылацца супроць яго.
Што датычыць Брыгса, то яго бацька зусім не скарыстоўваў уловак. Ён ні на секунду не пакідаў яго ў спакоі. Такім шматлікім і жорсткім было душэўнае гора гэтага злашчаснага юнака ў канікулярны час, што сябры сям'і (якая жыла ў той час недалёка ад Бейзуотэра, у Лондане) рэдка набліжаліся да дэкаратыўнага става ў Кенсінгтон-Гардэнс, не адчуваючы туманных апасенняў убачыць капялюш містэра Брыгса плаваючым на паверхні і недапісанае практыкаванне ляжачым на беразе. Таму Брыгс зусім не меў надзей з прычыны канікул; а гэтыя двое, што змяшчаліся ў адной спальні з маленькім Полем, былі вельмі падобны да ўсіх іншых маладых джэнтльменаў, бо самыя лёгкадумныя з іх чакалі надыходу святочнага перыяда з ціхамірнай пакорлівасцю.
Зусім інакшай была справа з маленькім Полем. Сканчэнне гэтых першых канікул павінна было азнаменавацца разлукай з Фларэнс, але хто будзе думаць аб сканчэнні канікул, якія яшчэ не пачаліся? Вядома, не Поль. Калі наблізіўся шчаслівы час, львы і тыгры, якія ўзбіраліся па сценах спальні, зрабіліся зусім ручнымі і гуллівымі. Панурыя, хітрыя твары ў квадратах і ромбах вашчанкі змякчыліся і паглядалі на яго не такімі злоснымі вачыма. Важны стары гадзіннік больш мяккім тонам задаваў сваё абыякавае пытанне, а неўгамоннае мора па-ранейшаму шумела ўсю ноч пад акампанемент меланхалічнай мелодыі — аднак, яна гучэла прыемна, — якая нарастала і заціхала разам з хвалямі і закалыхвала яго, калі ён засынаў.
Містэр Фідэр, бакалаўр мастацтваў, здаецца, меркаваў, што і ён таксама будзе рад канікулам. Містэр Тутс збіраўся карыстацца канікуламі ўсё жыццё, бо, як нязменна паведамляў ён кожны дзень Полю, гэта было яго «апошняе паўгоддзе» ў доктара Блімбера, і яму належала ўзяць пад уладанне сваю маёмасць.
Было зусім ясна для Поля і містэра Тутса, што яны блізкія сябры, не гледзячы на розніцу ў гадах і становішчы. З прычыны таго, што канікулы набліжаліся, і містэр Тутс соп мацней і выпучваў вочы ў прысутнасці Поля часцей ранейшага, Поль разумеў, што той хацеў гэтым выказаць смутак з прычыны скорай разлукі, і быў яму вельмі ўдзячан за апеку і добрую думку.
Было ясна нават для доктара Блімбера, місіс Блімбер і міс Блімбер, таксама як для ўсіх маладых джэнтльменаў, што Тутс нейкім чынам зрабіўся абаронцам і апякунам Домбі, і факт гэты быў такім відавочным для місіс Піпчын, што добрая старая адчувала злосць і рэўнасць да Тутса і дома не раз яго лаяла як «бязмозглага балвана». А нявіннаму Тутсу не прыходзіла і ў галаву, што ён узбудзіў гнеў місіс Піпчын. Наадварот, ён скарэй быў схільны лічыць яе найлепшай асобай, якая мае многа каштоўных якасцей. Таму ён усміхаўся ёй з такой пачці-