Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/13

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Міс Токс, Поль, — прадаўжала місіс Чык, усё яшчэ трымаючы яе за руку, — ведаючы, з якой нецярплівасцю я чакала сёнешняй падзеі, прыгатавала для Фані маленькі падарунак, які я абяцала ёй паднесці. Поль, гэта ўсяго толькі падушачка для шпілек на туалетны столік, але я маю намер сказаць, павінна сказаць і скажу, што міс Токс вельмі міла падшукала выраз, які так дапасоўваецца да падзеі. Я лічу, што «Просім малютка Домбі» — гэта паэзія!

— Гэта вышыта? — запытаўся яе брат.

— Вышыта, — адказала Луіза.

— Але будзьце справядлівымі ў адносінах да мяне, любая мая Луіза, — сказала міс Токс ціхім і вельмі ўпрашальным голасам, — прыпомніце, што толькі… мне крыху цяжка выказаць сваю думку… Толькі няўпэўненасць у выйсці штурхнула мяне дазволіць сабе такую вольнасць: «Просім майстар[1] Домбі» больш адпавядала-б маім пачуццям, у чым, я ўпэўнена, вы не сумняваецеся. Але невядомасць, якая рушыць следам за гэтым нябесным прышэльцам, спадзяюся, паслужыць апраўданнем таго, што ў другім выпадку здалося-б няпрошанай фамільярнасцю.

Міс Токс пры гэтым элегантна скланілася, што прызначалася для містэра Домбі і на што гэты джентльмен ласкава адказаў.

— Так, — сказала місіс Чык з ціхамірнай усмешкай, — пасля гэтага я дарую Фані ўсё!

Гэта была заява ў хрысціянскім духу, і місіс Чык адчула, што яна зрабіла ёй палёгку для душы. Між іншым, нічога асаблівага не патрэбна было ëй дараваць нявестцы або, больш правільна, зусім нічога, апрача таго, што тая вышла замуж за яе брата, гэта ўжо само па сабе з’яўлялася нейкай дзёрзкасцю і з цягам часу радзіла дзяўчынку замест хлопчыка — учынак, які, як часта казала місіс Чык, не зусім адпавядаў яе чаканням і зусім не быў прыемнай узнагародай за ўсю ўвагу і чэсць, якія былі аказаны гэтай жанчыне.

З прычыны таго, што містэр Домбі быў тэрмінова выклікан з пакоя, лэдзі асталіся адны. Міс Токс адразу выявіла схільнасць да сударгавых рухаў.

— Я ведала, што вы будзеце зачараваны маім братам. Я вас загадзя папярэджвала, мая любая, — сказала Луіза.

Рукі і вочы міс Токс паказалі, як яна зачаравана.

— А што тычыцца яго багацця, мая любая!

— Ах! — з глыбокім пачуццём прагаварыла міс Токс.

— Калас-сальнае!

— А яго ўменне трымацца, дарагая мая Луіза! — сказала міс Токс. — Яго асанка! Яго благароднасць! Ніколі я не бачыла партрэта, які напалову адлюстроўваў-бы гэтыя якасці. Нешта, ведаеце, такое велічавае, такое непахіснае! Такія шырокія плечы, такі просты стан!


  1. Майстар — так называюць англічане хлопчыкаў у буржуазных і дваранскіх сем’ях.

9