Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/138

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Вы падзялілі ганьбу, — праз зубы мармытаў Джэймз Каркер.

— Ах, Джэймз, — сказаў брат, упершыню загаварыўшы дакорлівым тонам і, мяркуючы па яго голасу, закрыўшы твар рукамі. — З таго часу я быў для вас найлепшым фонам. Вы спакойна тапталі мяне нагамі, узбіраючыся ўверх. Не адштурхвайце мяне абцасамі!

Надышло маўчанне. Праз некаторы час пачулася, як містэр Каркер-загадчык пачаў перабіраць паперы, нібы хацеў спыніць гэтую гутарку. У той-жа час яго брат адышоў да дзвярэй.

— Гэта ўсё, — сказаў ён. — Я сачыў за ім з такім хваляваннем і такім страхам, што для мяне гэта было караю, пакуль ён не прамінуў таго месца, дзе я першы раз спатыкнуўся. Успомніце маю гісторыю, параўнайце гэта з маладым Уолтэрам Гэем і тымі пачуццямі, якія ён выклікаў у мяне, і, калі можаце, думайце аба мне больш спагадліва, Джэймз.

З гэтымі словамі ён вышаў туды, дзе стаяў Уолтэр. Ён крыху пабляднеў, убачыўшы яго, і зрабіўся яшчэ бляднейшым, калі Уолтэр схапіў яго за руку і сказаў шэптам:

— Містэр Каркер, калі ласка, дазвольце мне падзякаваць вам! Дазвольце мне сказаць, як я вам спачуваю! Як шкадую аб тым, што з'явіўся няшчаснай прычынай усяго, што здарылася!

З тае прычыны, што пакой містэра Морфіна знаходзіўся недалёка і нікога там не было, а дзверы былі расчынены насцеж, яны нібы з агульнай згоды абодвух накіраваліся туды, бо здаралася рэдка, каб хто-небудзь не праходзіў па карыдоры. Калі яны ўвайшлі і Уолтэр убачыў на твары містэра Каркера сляды душэўнага перапалоху, яму здалося, што ён яшчэ ніколі не бачыў гэтага твара, — так моцна ён змяніўся.

— Уолтэр, — сказаў той, кладучы руку яму на плячо, — вялікая адлегласць аддзяляе мяне ад вас, і няхай заўсёды будзе так. Вы ведаеце, што я такое?

— Што вы такое? — здавалася, гатова было сарвацца з языка Уолтэра, калі ён пільна глядзеў на яго.

— Гэта пачалося, — сказаў Каркер, — перад тым, як мне споўнілася дваццаць адзін год; да гэтага ўжо даўно хілілася справа, але пачалося, прыкладна, у той час. Я іх абрабаваў, калі быў дарослым. Я рабаваў іх і пасля. Перш чым мне споўнілася дваццаць два гады, усё адкрылася; і тады, Уолтэр, я памёр для ўсіх. Фірма была вельмі добрай для мяне. Неба няхай узнагародзіць старога за яго спагадлівасць! І гэтага таксама — яго сына, які ў той час толькі ўвайшоў у справы фірмы, дзе я карыстаўся вялікім давер'ем! Мяне выклікалі ў той пакой, які займае цяпер ён, — з таго часу я ні разу туды не хадзіў, — адтуль я вышаў такім, якім вы мяне ведаеце. На працягу многіх гадоў я займаў сучаснае маё месца, адзін, як і цяпер, але тады я служыў прызнаным і наглядным прыкладам для астатніх. Усе яны былі

134