мяне і дасць мне магчымасць ісці маёй дарогай, не звяртаючы на мяне ўвагі і не задаючы пытанняў.
— З прычыны таго, што памяць ваша, Гэй, не ўтрымлівае таго, што вам гавораць іншыя, — сказаў містэр Каркер-загадчык, разгараючыся ад самаздаволенасці, — я лічу патрэбным, каб вы гэта пачулі ад асобы, найбольш аўтарытэтнай. — Ён кіўнуў у бок брата. — Спадзяюся, цяпер вы наўрад ці забудзеце гэта. Гэта ўсё, Гэй. Вы вольныя. Можаце ісці.
Уолтэр вышаў і хацеў зачыніць за сабою дзверы, але, пачуўшы зноў галасы братоў, а таксама сваё ўласнае імя, спыніўся ў нерашучасці, трымаючыся за ручку поўадчыненых дзвярэй і не ведаючы, вярнуцца яму ці пайсці. Такім чынам ён мімаволі падслухаў тое, што было далей.
— Калі можаце, думайце аба мне больш спагадліва, Джэймз, — сказаў Джон Каркер, — калі я гавару вам, што ў мяне сэрца ўздрыгнулася, калі я ўбачыў гэтага хлопчыка, Уолтэра Гея. Калі ён першы раз сюды прышоў, я ўбачыў у ім амаль маё другое я.
— Ваша другое я! — з пагардай паўтарыў загадчык.
— Не таго, які я цяпер, але таго, якім я быў, калі таксама першы раз прышоў сюды; такі-ж жыццерадасны, узбаламучаны, юны, неспрактыкаваны, поўны тымі-ж неспакойнымі і смелымі фантазіямі і надзелены тымі-ж якасцямі, якія аднолькава здольны прывесці да дабра або зла.
— Мне здаецца, гэта не так, — сказаў містэр Каркер-загадчык, укладаючы ў гэтыя словы нейкі захаваны і саркастычны[1] сэнс.
— Вы б'еце мяне балюча, — адказваў той такім голасам (ці гэта здалося Уолтэру), нібы нейкая жорсткая зброя сапраўды ўціналася ў яго ў той час, як ён гаварыў. — Усё гэта мне здавалася, калі я прышоў сюды хлопчыкам. Я гэтаму верыў. Для мяне гэта была праўда. Я бачыў, як ён бясклопатна ішоў ля краю нябачнай прорвы, дзе столькі іншых ішлі таксама весела і адкуль…
— Старое апраўданне, — перапыніў брат, мяшаючы вуглі. — Столькі іншых! Прадаўжайце. Скажыце, столькі іншых сарвалася.
— Адкуль сарваўся адзін падарожны, — запярэчыў той, — які рушыў у дарогу, такі самы хлопчык, як і гэты, і ўсё часцей і часцей аступаўся, і патроху ніжэй і ніжэй, і ішоў далей, спатыкаючыся, пакуль імкліва не паляцеў і не апынуўся ўнізе разбітым чалавекам. Падумайце, як я пакутваў, калі сачыў за гэтым хлопчыкам.
— За гэта можаце падзякаваць толькі самому сабе, — адазваўся брат.
— Толькі самому сабе, — уздыхнуўшы, згадзіўся ён. — Я не спрабую падзяліць віну і ганьбу ні з кім.
- ↑ Саркастычны — зняважліва-насмешлівы.