і ў ранейшым становішчы, Поль заўважыў, што яму падалі лусту хлеба, элегантна сервіраваную на талерцы з сурвэткай і срэбным відэльцам, што ляжаў, упоперак лусты.
Доктар Блімбер ужо сядзеў на сваім месцы ў сталовай як гаспадар, міс Блімбер з аднаго боку ад яго і місіс Блімбер — з другога. Містэр Фідэр у чорным фраку сядзеў, у другім канцы стала. Крэсла Поля стаяла побач з міс Блімбер, але калі ён на яго сеў, то выявілася, што бровы яго прыходзяцца амаль на ўзроўні абруса, пасля чаго былі прынесены з кабінета доктара некалькі кніг, на якія пасадзілі Поля і на якіх ён з таго часу заўсёды сядзеў; пазней ён сам прыносіў і адносіў іх, нагадваючы маленькага слана з башанькай.
Доктар прачытаў малітву, і абед пачаўся. На абед быў паданы смачны суп, а пасля жаркое, вараная ялавічына, гародніна, пірог і сыр. Перад кожным маладым джэнтльменам ляжала масіўная срэбная лыжка і сурвэтка, і ўся сервіроўка была ўнушальная і далікатная. Асабліва звяртаў на сябе ўвагу дварэцкі ў сінім фраку з бліскучымі гузікамі, які проста-такі надаваў вінны арамат лёгкаму піву — так велічна ён яго разліваў.
Ніхто не размаўляў, калі да яго не звярталіся, за выключэннем доктара Блімбера, місіс Блімбер і міс Блімбер, якія часамі вялі гутарку. Усякі раз, калі ўвага маладых джэнтльменаў не была занятай нажом, відэльцам або лыжкай, позіркі іх, падпарадкуючыся непераможнай сіле прыцяжэння, шукалі позіркаў доктара Блімбера, місіс Блімбер або міс Блімбер і скромна прыкоўваліся да іх. Тутс, відаць, быў адзіным выключэннем з гэтага правіла. Ён сядзеў каля містэра Фідэра з таго боку стала, што і Поль, і часта адкідваўся назад або нахіляўся ўперад, каб паглядзець на Поля, заслоненага хлопчыкамі, што сядзелі паміж імі.
Адзін толькі раз пачалася ў часе абеду гутарка, якая мела адносіны да маладых джэнтльменаў. Гэта здарылася як елі сыр, калі доктар, выпіўшы шклянку партвейна і двойчы або тройчы адкашляўшыся, пачаў:
— Цудоўна, містэр Фідэр, што рымляне…
Пры ўспамінанні аб гэтым жахлівым народзе, страшэнным іх ворагу, усе маладыя джэнтльмены скіравалі позіркі на доктара з выглядам, вельмі зацікаўленым. Адзін з іх, які якраз у гэты час піў і які злавіў на сабе праз шклянку пільны позірк доктара, адарваўся ад шклянкі з такой паспешнасцю, што на працягу некалькіх секунд корчыўся ў сударгах і нарэшце перапыніў гутарку доктара Блімбера.
— Цудоўна, містэр Фідэр, — сказаў доктар, павольна пачынаючы спачатку, — што рымляне ў часе гэтых пышных і багатых піроў у эпоху імператараў, аб якіх мы чытаем, калі раскоша дасягала межаў, нябачаных датуль і з таго часу, і калі цэлыя