— Хто ваш кравец? — запытаўся Тутс, паглядзеўшы на яго некалькі секунд.
— Да гэтага часу маю вопратку шыла жанчына, — сказаў Поль. — Краўчыха маёй сястры.
— Мой кравец — Берджэс і кампанія, — сказаў Тутс. — Модны, але вельмі дарагі.
У Поля хапіла розуму паківаць галавой, нібы ён хацеў сказаць, што заўважыць гэта няцяжка; ды ён і сапраўды так думаў.
— Ваш бацька вельмі багаты, хіба не праўда? — запытаўся містэр Тутс.
— Так, сэр, — сказаў Поль. — Ён Домбі і Сын.
— І хто? — запытаўся Тутс.
— І Сын, сэр, — адказаў Поль.
Містэр Тутс шэптам зрабіў дзве-тры спробы запамятаць назву фірмы, але, не маючы поспеху ў гэтым, сказаў, што папросіць Поля паўтарыць прозвішча яшчэ раз заўтра раніцой, бо гэта мае значэнне. І сапраўды, ён збіраўся не больш, не менш, як напісаць зараз-жа самому сабе прыватнае і канфідэнцыяльнае пісьмо ад Домбі і Сына.
Да таго часу Поля акружылі астатнія вучні (па-ранейшаму за выключэннем акамянелага хлопчыка). Яны былі ветлівыя, але бледныя, гутарылі ціха і былі так прыгнечаны, што, у параўнанні з настроем гэтай кампаніі, майстар Байтэрстон быў сапраўдным Мілерам[1], або «Поўным зборам жартаў». А між тым і над ім, над Байтэрстонам, таксама навісала ўсведамленне крыўды.
— Вы спіце са мною ў адным пакоі? — запытаўся паважны малады джэнтльмен у каўнерыку, які падпіраў мякушкі яго вушэй.
— Майстар Брыгс? — запытаўся Поль.
— Тозер, — сказаў малады джэнтльмен.
Поль адказаў сцвярджальна, а Тозер, паказваючы на акамянелага вучня, сказаў, што гэта Брыгс. Поль, сам не ведаючы чаму, быў амаль упэўнены ў тым, што гэта або Брыгс, або Тозер.
— У вас здароўе добрае? — запытаўся Тозер.
Поль сказаў, што ён гэтага не думае. Тозер заўважыў, што і ён гэтага не думае, мяркуючы па выгляду Поля, і што гэта вельмі дрэнна, бо яно спатрэбіцца. Пасля ён запытаўся ў Поля, ці патрэбна будзе яму пачаць вучэнне з Карнеліяй, а калі Поль адказаў сцвярджальна, усе маладыя джэнтльмены (за выключэннем Брыгса) ціха застагналі.
Гэты стогн патануў у звоне гонга, які зноў шалёна загрымеў, пасля чаго ўсе рушылі ў сталовую, зноў-такі за выключэннем Брыгса, акамянелага хлопчыка, які астаўся на ранейшым месцы
- ↑ Джо Мілер — аўтар плоскіх жартаў і астрот, сабраных у кнігу, выдадзеную ў сярэдзіне XVIII ст.