Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/10

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

павелічэнні арыстакратычных сем’яў, хадзіў, заклаўшы рукі за спіну, па гасцінай, на невыказнае захапленне хатняга доктара, які апошнія шэсць тыдняў займаўся размовамі сярод сваіх пацыентаў, сяброў і знаёмых аб падзеі, якая мае быць, і з прычыны, якой чакаў з гадзіны на гадзіну, удзень і ўночы, што яго паклічуць разам з доктарам Паркерам Пепсам.

— Ну, сэр,— сказаў доктар Паркер Пепс ясным, глыбокім, гучным голасам, прыглушаным з прычыны падзеі, як захутаны дзверны малаток,— ці лічыце вы, што ваша наведванне падбадзёрыла вашу любую жонку?

Містэр Домбі быў зусім збянтэжаны пытаннем. Ён так мала думаў пра хворую, што не мог на яго даць адказу. Ён сказаў, што яму было-б вельмі прыемна, калі-б доктар Паркер Пепс згадзіўся яшчэ раз падняцца наверх.

— Вельмі добра. Мы не павінны утойваць ад вас, сэр, — сказаў доктар Паркер Пепс, — што заўважаецца некаторы упадак сіл у яе светласці герцагіні… Прашу прабачэння, я блытаю імёны… Я хацеў сказаць — у вашай любай жонкі. Заўважаецца некаторая слабасць і наогул адсутнасць гібкасці, якія нам пажадана было-б… не…

— Назіраць, — умяшаўся хатні доктар.

— Вось іменна, — сказаў доктар Паркер Пепс, — якія нам пажадана было-б не назіраць. Выяўляецца, што арганізм лэдзі Кенкебі… Даруйце, я хацеў сказаць Місіс Домбі; я блытаю імёны хворых…

— Якіх так многа,— прашаптаў хатні доктар,— дапраўды, нельга чакаць… У іншым выпадку гэта было-б цудам. Практыка доктара Паркера Пепса ў Уэст-эндзе…

— Дзякую вам, — сказаў доктар, — вось іменна. Выяўляецца, кажу я, што арганізм нашай пацыенткі вытрымаў патрасенне, ад якога ён можа паправіцца толькі з дапамогай напружанага і ўпартага…

— І энергічнага, — прашаптаў хатні доктар.

— Вось іменна,— згадзіўся доктар,- і энергічнага намагання. Містэр Пілкінс, які тут прысутнічае і які, займаючы становішча медыка-кансультанта ў гэтай сям’і, дасканала ведае арганізм пацыенткі ў нармальным яе стане (веды вельмі каштоўныя для нашых заключэнняў пры даных акалічнасцях), згодзен са мною, што ў гэтым выпадку прыродзе належыць зрабіць энергічнае намаганне і што калі наш чароўны друг, графіня Домбі — прашу прабачэння! — місіс Домбі, не будзе…

— Мець мажлівасць,— падказаў хатні доктар.

— Зрабіць належнае намаганне,— прадаўжаў доктар Паркер Пепс,— то можа здарыцца крызіс, аб чым мы абодва будзем вельмі шкадаваць.

Пасля гэтага яны стаялі некалькі секунд з апушчанымі позіркамі. Пасля па знаку, які моўчкі падаў доктар Паркер Пепс,

6