Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/11

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

яны пайшлі наверх; хатні доктар адчыніў дзверы перад гэтым славутым спецыялістам і пайшоў за ім з рабалепнай пачцівасцю.

Сцвярджаць, што містэра Домбі не засмуціла па-свойму гэта падзея, азначала-б аднесціся да яго несправядліва. Ён быў не з тых, пра якога можна смела сказаць, што гэты чалавек бываў напалоханы або ўзрушаны; але бясспрэчна, ён адчуваў, што калі жонка захварэе і змарнее, дык яго агорне смутак і ён згледзіць сярод свайго сталовага срэбра, мэблі і іншых хатніх рэчаў адсутнасць нейкага прадмета, якім вельмі патрэбна было ўладаць і страта якога не можа не выклікаць шчырага шкадавання. Аднак, гэта было-б, зразумела, халоднае, дзелавое, якое да твару джентльмену, стрыманае шкадаванне.

Яго развагі на гэтую тэму былі перапынены спярша шолахам вопраткі на лесвіцы, а пасля раптоўным і парыўчатым з’яўленнем у пакоі лэдзі, хутчэй за ўсё ў гадах, чым юнай, але апранутай зусім молада, асабліва калі меркаваць па туга зацягнутаму карсету, якая, падбегшы да яго, абвіла рукамі яго шыю і сказала задыхаючыся:

— Любы мой Поль! Ён — выліты Домбі!

— Ну-ну,— адказаў брат, бо містэр Домбі быў яе братам.— Я заўважаю, што ў ім сапраўды ёсць фамільныя рысы. Не хвалюйцеся, Луіза.

— Гэта вельмі недарэчна з майго боку,— сказала Луіза, садзячыся і дастаючы насавую хустачку,— але ён… ён такі сапраўдны Домбі! Я ніколі ў жыцці не бачыла такога падабенства.

— Але як сама Фані?— спытаў містэр Домбі.— Што з Фані?

— Любы мой Поль,— адазвалася Луіза,— зусім нічога. Паверце мне — зусім нічога. Засталася, разумееце, стома, але нічога падобнага на тое, што я сама зазнала з Джорджам або з Фрэдэрыкам. Неабходна зрабіць намаганне. Вось і ўсё. Ах, калі-б любая Фані была Домбі… Але, думаю, яна зробіць гэтае намаганне; не сумняваюся, яна яго зробіць. Ведаючы, што яно патрабуецца ад яе, у выкананне абавязку, зразумела, зробіць. Любы мой Поль, ведаю, што з майго боку вельмі слабахарактарна і недарэчна так дрыжець і трэсціся ад галавы да ног, але я адчуваю такое галавакружэнне, што вымушана папрасіць у вас шклянку віна і кавалак гэтага торту. Я думала, што вывалюся з акна на лесвіцы, калі спускалася ўніз, наведаўшы любую Фані і гэтую цудоўную крошку.

Гэтыя апошнія словы былі выкліканы раптоўным і яркім успамінам пра дзіця.

Следам за гэтым пачуўся ціхі стук у дзверы.

— Місіс Чык,— праказаў за дзвярыма вельмі саладжавы жаночы голас,— дарагі мой друг, як вы сябе цяпер адчуваеце?

— Дарагі мой Поль,— ціха сказала Луіза ўстаючы,— гэта міс Токс. Дабрэйшае стварэнне! Каб яе не было, дык-бы я ніколі не магла дайсці сюды. Міс Токс — мой брат, містер Домбі. Поль, дарагі мой, гэта мой лепшы друг, міс Токс.

7