Старонка:Дзьве душы (1919).pdf/94

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ды толькі яны ступілі некалькі сігоў, як блізюхтанька з варот пасыпаліся рэвальверныя стрэлы.

Яны махам крутнуліся ў бок.

Але Карпавіч, відаць, зачапіўся за нешта, спатыкнуўся і заваліўся.

— Таварышы! — нейкім пісклявым галаском завапіў ён: — таварышы, ратуйце!

З варот выбегла некалькі чалавек белай гвардзіі са знаёмым Абдзіраловічу па лазарэце капітанам Гарэшкам за даводцу. Яны ў мамэнт абкружылі Абдзіраловіча.

Васіль некуды кінуўся наўцёкі і як наскрозьдоньня праваліўся.

Высокі Гарэшка злажыўся рэвальверам на ляжачага дробненькага Карпавіча.

— Капітан!! Стойце! Здурнелі!! — праразьліва загаласіў Абдзіраловіч і выставіў рукі перад Гарэшкам.

Той ня мог ужо зьдзержыцца і стрэліў, але ськівірнуўся перад рукамі, і куля папала толькі ў нагу Гаршку.

— Ая-я-я-яй!! — заякатаў, як сабака, дзядок, схапіўшыся за нагу.

— Няма чаго шкадаваць такую дрэнь, — зласьліва адказаў капітан.

— Ператрэсьці яго, — даў ён злёгку выспяткам у бок Карпавічу. — Ну, а вы прапаршчык, якім чынам укруціліся ў добрую кумпанію? Яны вас вялі пад канвоем?