Старонка:Дзьве душы (1919).pdf/93

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ігнат Восіпавіч, як гэта вы папаліся? — пазнаў яго ў шынэлі з адрэзанымі наплечнікамі і адгукнуўся Васіль. —Таварыш начальнік, — папрасіўся ён у галоўнага канваіра, — дазвольце паздароўкацца.

— Я ехаў на доктарскую камісію, я ня ведаў, што дзеецца ў месьце, і на вакзале мяне ніхто не задзержыў. Во — запіска, што ў мяне адабрана аружжа. Ішоў я, Васілёк, да вас; тут мяне арыштавалі. А я чалавек хворы і не магу змагацца з ніводнага боку. І я, таварышы, ледзь на нагах стаю, — казаў Абдзіраловіч.

— Вы яго знаеце? — спытаўся начальнік канвоя ў Васіля.

— Добра знаю.

— І я таксама, — адгукнуўся Карпавіч.

— Ну, дык можаце ўзяць яго да сябе.

Абдзіраловіч радасна выйшаў з прыкрага кола.

Яны пайшлі.

— А мама дужа хварэець, — зазначыў Васілёк.

— Ну, што ты?! — занеспакоіўся Абдзіраловіч.

— А так, дужа хварэець. Будзе рада, што вы прыдзеце.