Старонка:Дзьве душы (1919).pdf/91

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Кажуць, нам ужо помач ідзець з Петраграду, — весяліў надзеяй сябе і старога Васіль.

— Ах, каб-жа Бог даў… — уздыхнуў змучаны Карпавіч і без асаблівай цікавасьці і ўважнасьці засудзіў сябе, што — бальшавік, а гаворыць — «Бог даў».

— Каб-жа Бог даў, як той казаў, — падумаўшы і пераскачыўшы небясьпечнае месца, дадаў Карпавіч.

— А як мы іх турылі па Газэтнаму завулку, — весяліў ўспамінамі сябе і старога Васіль; — шкода, што не злавілі начальніка партыі, гэтага нягоднага князя.

— Гальшанскага? Шкода, праўда што. Партыйка-то яго так сабе: блазьні, кадзеты, юнкяры… Во сам б‘ецца, як нячысьцік. Усюдых пасьпее, — гаварыў стары.

— У страўню вегетарыянскую ці там нейдзе шмыкнуў і схаваўся. Пяць куляк пусьціў яму я ў сугон, ды абмахнуўся: пашчасьціла князю ўцячы.

Раптам загудзела міма граната і з вялікім грукатам бахнулася высока аб мур.

Сыпнулася вапна, цэгла і закурыўся пыл.

Яны шпарка ўбеглі ў вароты.

— Пачакаем.

— Трэба.

— Ах, ня ведаю, як маецца матка, — сказаў Васіль.