Старонка:Дзьве душы (1919).pdf/90

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

сені. Замігцелі на цямнеючым небе зорачкі, адна, другая і трэцяя за чорнаю каўказскаго гарою. Гітара дрыжача варкатала, і князь маўчаў і думаў аб тым, што было і што мінулася…

— Эх, мінулася, мінулася, — казаў доктар і качаў галавою, — да вайны было, а цяпер мінулася, мінулася ўсё, эха-ха, — і ўздыхаў і ківаў галавою.

XII.

Пяць дзён ня сьціхала канонада.

Бесперастанку трашчэлі і трэскалі кулямёты і стрэльбы, то быццам заціхалі, то ўзноў набіраліся заядласьці. Памаўчаўшы, бухалі пушкі, і чарада глухога, дужага гулу хавала ў сабе тое трэсканьне.

Быў пяты вечар.

Хмурая восенная мга паўзла з сівага неба на цяжка хворы горад, на канонаду.

Карпавіча і Васіля адпусьцілі дамоў, каб яны выспаліся і ўзноў прыйшлі змагаць буржуяў.

Абпэцканыя і абшарпаныя, з кулямётнымі патронташамі цераз плечы і ўкол пояса, з набітымі стрэльбамі ў руках перабегалі яны пад сьценкамі, прабіраліся да свайго кварталу.

Зрэдку там-а-там пёк з вакон і з люхтаў захованы вораг.

— Не здаюцца, каб іх удушыла, — марматаў Карпавіч аб белагвардзейцах.