Старонка:Дзьве душы (1919).pdf/89

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

завесьці з ім размову аб ратаваньні маемасьці ад розных у часе рэвалюцыі магчымасьцей. Дарма казаў яму пасьля абеда ў кабінэце аб лісьце ад пэўнага чалавека з Масквы, што трэба — як га — ратаваць домы і капіталы і сваё ўласнае жыцьцё, бо раб бунтуецца ня жартам і зжарэць і домы, і капіталы, і жыцьцё. Дарма падбіваў старога прадаваць усё і выяжджаць заграніцу, — той слухаў няўважна і маўчаў, бо навет гаварыць аб тым не хацеў. Мусіць ня меў ён, вясковы выхаджэнец, веры, каб хам мог яго зжорці.

І князь пастанавіў выехаць у сталіцу. Той ліст аб чаканых грозных падзеях напалохаў яго і прымусіў парупіцца.

Прыкра было яму.

І ён удаўся ў маркоту.

Увечары таго-ж дня гасьцяваў у яго вясёленькі, старэнькі курортны доктар, каторы і памагаў яму разьвеяць гора і салодка патужыць. Выпілі яны кахетынскага, добра пад‘елі, пачырванелі, пасядалі ў мяккія крэслы і курылі, сумна думаючы. Потым князь узяў у рукі гітару і навёў струны на мінорны лад. Гукі гітары, гукі тужлівыя плылі ў дымна-сінім змроку цёплага пакою да расчыненага балкона і таялі ў смутным паветру шумячай жоўтым лісьцем во-