Старонка:Дзьве душы (1919).pdf/86

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Цяпер-жа, калі няня прыбегла і сказала, што прыехаў сам Мікола Мартынавіч, Алечка, замест радасьці, пачула нешта новае, дзіўное, зусім ня добрае. Было ёй ці-то прыкра, ці-то боязна. Чула, што будзе нешта дрэннае, благое. Быццам апала яе сэрца.

Яна стаяла ў дьзвярах пакою, дзе жыла няня, глядзела ўздоўж па карыдоры, дзе з канца, з цямноты выходзіла вялікая фігура бацькі, аб нечым разважала і ведала адно, толькі адно, што ёй боязна перад новым, невядомым…

— Што, Алюся, не пазнала таты? — з пяшчотаю, і негасьцю, і наплываньнем асабліва вялікай любасьці ў сэрцы пасьля даўгога разлучэньня сказаў Мікола Мартынавіч і далікатненька абшчапіў яе і пацалаваў яе.

— Татусю, пазна-а-ла! — адказала яна і прытулілася да бацькі, але тое новае не пакінула яе.

— Сьцюдзёна табе, Алюся? — спытаўся стары, заўважыў, што яна не такая, як заўсёды, быццам мімаволі куксіцца.

І калі выйшла жонка, ён, павітаўшыся, перш-на-перш спытаўся, што гэта з Алюсяй, ці здарова яна?

— Чаго-ж ёй хварэць? — спакойна і навет трошку іронічна адмовіла матка; — здарова, толькі непаседліва, нападалася за дзень, бо у хаце ня стыкаецца.