Старонка:Дзьве душы (1919).pdf/85

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

адна, калі ты гэткая, — скрозь сьлёзы скончыла гутарку Аля і пайшла спаць у пакой да няні.

У гэты час у сенцах зазьвінеў званок.

Няня адчыніла і шыбка прыбегла назад сказаць, што прыехаў сам Мікола Мартынавіч.

Алечка была ў бацькі аблюбёнаю дачушкаю, аблюбёным дзіцёнкам, і з прыемнасьцю чула на сабе бацькаву любоў.

Алечка заўсёды бывала дужа рада, калі ён прыежджаў, і ня ведала, што рабіць з тае радасьці: чапалася яму на шыю, абляпляла яго бусямі, гладзіла яго сівую бараду і парослыя валаскамі рукі, тулілася да яго, чуючы, што ўва ўсім сьвеце толькі ён адзін разумеець яе, даруець ёй памылкі і абмашкі і любіць яе так, што дзеля гэтага толькі й жывець. Яна была зачараваная бацькавым розумам, яго цьвёрдасьцю ў адносінах да людзей, яго багацьцем. З маткаю-ж ня мела тых прыязналюбых зьвязкаў і любіла матку менш, чымся яго. А з гэтых прычын чакаць татульку было для яе быццам нейкай дадатковай і паўседнай, у запасе, прыемнасьцю, каторая ратавала ад вялікага смутку ў чарод нядобрых дзён і надавала асаблівай прынаднасьці, салодкага прыгажства яе шчасным дням.