Старонка:Дзьве душы (1919).pdf/82

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

аж да бальшавіцкага лагеру. У бальшавізму Карпавіч пачуў нешта блізкое, роднае і любае. «— Доўга шукаў, — дзякаваць Богу, знайшоў-ткі», — уцяшаўся дзядок і, пачуваючы дужасьць і адвагу, зрабіўся нейкім пэўным ува ўсім чыста, гаварыў з людзьмі вольна і плаўна і быццам рос, нізенькі, з-пад сваіх сівых кучаравых валасоў.

— Сячы трэба да карэньня! — любіў казаць і часта казаў цяпер Карпавіч, хоць і ня траціў свайго паўсёднага гумару.

XI.

Алечка ведала, што ў яе жыцьці ідуць чарадою то добрыя, то нядобрыя дні. Яна навет заўважала, што дрэнны настрой, гэная адзнака злыдняў пачынаецца заўсёды звечара ў панядзелак.

І ня так было Алечцы прыкра тое, што Ігналік паехаў не разьвітаўшыся, як тое, што ад‘яжджаньне яго трапіла на пачатак нядобрай паласы жыцьця. — «Яшчэ падумаюць, што я аб тым шкадую», — разважала дзяўчына і наўмысьля хавала ад усіх свой брыдкі настрой.

— Зусім ня можна было спадзявацца, каб прапаршчык Абдзіраловіч быў гэткі неўзгадаваны: выехаў нічога нікому не сказаўшы, быццам уцёк, — так жартам казала яна і так наўмысьля сьмяялася: — а хоць і ўноччы выяжджаў, каб ведама,