Старонка:Дзьве душы (1919).pdf/70

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

На работу нійдзе ня возьмуць басяка, ды й кепскі з яго работнік.

Прасіць? — страшная мільганула думка. Красьці? — бліснула яшчэ страшнейшая і горкая.

Абчысьціўшыся троху і падцягнуўшы штаны, паплёўся ён па сонных, яшчэ пустых завулках на ўзьбярэжную.

Там ужо мялі белыя дворнікі, махаючы аграмаднымі мётламі, беглі на рынак бабы з кошыкамі і цягнуліся на начлег самыя позныя гулякі.

Нейдзе далёка за заставаю ўдарыў і загудзеў звон, будзячы на душы нешта колкае і балючае. Брызнула восеннае сонца па закапцелых вярхушках фабрычных каміноў, заскакала па дахах і главах і пабегла, бліскучае, па рэйках; з-пад трамвайнага парка заліўся дробна і звонка, задрынчэў званок, і цераз раку па каменнаму мосту пабег з грукатам і гулам першы, з адным-двума работнікамі, вагон трама. Ціха калыхаліся сонныя лайбы на пляскучых водах ракі, а над імі трапыхаліся флажкі. Ізноў загудзеў далёкі звон.

Так пачыналася раніца горада.

Гаршчок асьцярожна і быццам сонны зьлез па прыступачках даўгой лесьвіцы да ракі, з нейкай дзіцячай радасьцю заскрыпеў бацінкамі па берагавому жвіру, адчуваючы блізкасьць да прыроды,