Старонка:Дзьве душы (1919).pdf/69

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ніхто і ўвагі не зьвярнуў.

А пабіты чорны перацягнуўся, як ніцы сабака, і заснуў проста на падлозе, сьлізкай і бруднай.

Гаршчок папрасіў табакі ў таго, хто кідаў. Той злаяўся, падумаў, патрос у кішані і дастаў шчэпаць махоркі, потым з маскоўскага суконнага картуза, масьлянага ўжо, як бот, выдраў кавалачак газэтнай паперы і даў Гаршку.

Падзякаваў у сьпіну басяку, пашоў на двор і сеў на тумбе; рупліва зьвярнўу цыгарку і зацягнуўся прыемна і соладка.

Палягчэла галава, ня так нылі косьці, і ён мог абдумаць свае палажэньне.

Апошнія капейкі былі прапіты. У кішані а нічога. На сабе чорны пінжак, там-сям пазашываны белымі ніткамі, надзеты проста на голае цела, абшарпаныя, дзіравыя штаны і стаптаныя, зьбітыя на нет бацінкі.

Срэбраны крыжык, на каторы неяк і ў п‘янога і ўжо бязбожнага Івана не паднімалася рука, — бо то была памяць дзіцячых гадоў, бацькаўскай хаты і праудзівага, яшчэ давучыцельскага і даманастырскага жыцьця, — гэты крыжык згубіўся: ці адарваўся, ці яго хто адрэзаў у п‘янога і прапіў.

Першы раз за ўсю гульбу паўстала пытаньне: што рабіць?