Старонка:Дзьве душы (1919).pdf/65

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

дзе можна заробіць добрую капейку, хаця-ж і надта, надта цяжкою працаю.

Губіць свой стройны парадак чарада ў гэную пару, бо хлопцы з беларускай вёскі пачалі выхадзіць цяпер ня толькі „ў сьвет“, адылі і «ў людзі». Школы адчыняліся, і можна было выўчыцца на пісара і на вучыцеля, на чыноўніка, ато дык і яшчэ вышэй: ксяндзы, папы і навет афіцэры пачалі выхадзіць з-пад мужыцкіх стрэх.

Што-ж, як каму таланіла. Мікола Мартынёнак Макасей пехатою і басанож у N прыйшоў, бо ў дарозе лапці стаптаў, але пашчасьціла хлапцу: цяпер ён — Мікола Мартынавіч і вялікія міліёны маець. Іван Гаршчок, ці-тое Карпавіч, па чыгунцы прыехаў у Маскву (і дайжа ў ботах, што дзед перад сьмерцю адказаў), а ня меў ён гэткай удачы, хоць і нішто сабе ў манахах жыў.

Дужа псуець сабе кар‘еру мужыцкі сын, калі ня скора забываецца на хату бацькіну. Ташнуець тады, няма ведама чаго; у горадзе ходзіць, як непрыкаяны, а дамоў прыедзе — да працы ахвоты ня маець. Так і прамарудзіць задарма жыцьцё сваё: ні Богу сьвечка, а ні чорту чапяла, ні пан, ні нашчанец, мужыцкі брат.

Іван Гаршчок быў хлопец удалы, змалку на ўсё здатны і здольны. Змалку-ж ён і чытаньню-пісаньню добра няўся.