Старонка:Дзьве душы (1919).pdf/46

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Кажу: бывае… усё бывае! Вось уздумаў на аднаго знаёмага, Міколу Мартынавіча, цёзку, бач, твайго. Ніколі ня бачыў яго, а як жывы стаіць мне ўваччу.

— Ну, так, бывае, — не зразумеў Мікола. — А ведаеш, — кажа ён наўмысьля дужа звычайным голасам, — навіну пачуў ад дзяцей: Крупкі учора таксама, ведаеш, разьбіты мужыкамі… Дом, ведаеш братка, спалілі. Нічога, бацька пасьпеў уцячы ў Магілеў. Езьдзілі нашы на станцыю, даведаліся. Дык вось, ведаеш. Цябе тут ніхто ня знае, ня думай. А бацька, аднак, пасьпеў-жа ўцячы…

„Ах, так, Крупкі… Дзе я радзіўся, дзе я рос, дзе вісеў партрэт надменнай прыгажуньні-полькі, што людзі казалі: „Твая матка, яна памёрла, як ты радзіўся“. — Забілі мужыкі, — даведаўся я. Крупкі, касавіца, сенажаць, маленства… Ану, чорт і з ім, ці ня ўсё роўна? Так, ці ня ўсё роўна? Дачка лясьнічага Іра кахала мяне, а ня прызналася, бо ня мела веры, каб я, багатыр, узяў яе, мяшчанку без пасагі. Я люблю Алю, а павінен даць дарогу князю. Якая дурата! І чорт з ім, зусім!“

— Чорт і з ім, чорт і з ім, — мармочыць ён і палохае Міколу.

— Што ты кажаш?

— А? Бацька ўцёк? Чорт з ім…