Старонка:Дзьве душы (1919).pdf/36

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

VI.

І пачаліся дні балючай рэўнасьці, адчаю і сьмяротнай тугі.

Аля, як быццам, зусім забылася на яго. Яна бавіла ўвесь час у паездках з маткаю і князем то ў Кіславодзк, то ў горы, то ў італьянскую калёнію.

Яго месца каля Алі забраў сабе князь, — гэта было ясна.

І навет няня Макасеяў у парку, калі дзеці хацелі гуляць каля лавачкі, дзе сядзеў Абдзіраловіч, вінаватая вяла іх ад яго.

На другую за той вечарынку ён ня быў запрошаны.

І безклапотныя прапаршчыкі, што хадзілі туды наядацца і піць віно, ласкава і папрасьцецку казалі яму:

— Эй, кіньце, прапаршчык Абдзіраловіч! Ці-ж вы гэта запраўды? Бо яна-ж яшчэ зялёная дзяўчынка, ветрык… І ведаеце, надта спатвораная. Як яна выказуецца! Курыць, п‘ець віно, троху чаго ні пры ўсіх цалуецца з князем і з кім пападзя. Навет князю сорамна.

Абдзіраловіч хацеў-ба забіць іх за гэткія прыкрыя гутаркі аб яго ідэалу, але толькі наўмысьля усьміхаўся і пільнаваў, каб як уцячы ад усіх і быць аднаму. І буркаў толькі ў адказ ім.

— Ну, вось яшчэ, любіце плесьці нет ведама што; — ня варта слухаць.