Старонка:Дзьве душы (1919).pdf/24

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Сячы трэба да карэньня. Шкадаваць іх? Як нашы Гальшанскія — князі? Старэйшы сялян у пятлі давіць, а маладзейшы тут у камітэтах бегае, за народ быццам, — не!

Познаю начою варочаўся Абдзіраловіч у лазарэт. Васіль правадзіў яго да вялікай вуліцы. Крэпка жмаў яму руку і прасіў ня браць у крыўду словы Карпавіча, бо і Карпавіч добры чалавек і аб ім нічога благога ня думае і ведае, што ён — афіцэр, а стаіць за народ.

IV.

Белы тварык з бліскучымі чорнымі вачмі і пасмачкамі; а ў тых вачох радасна-вясёлы, ціхі сьмех, — вось гэткая Аля Макасеева, старэйшая дачушка N-га дамаўласьніка, што нажыў за вайну вялікія міліёны.

Апошнія два гады Макасеі з пачатку вясны і да астатніх дзён сэзонў жылі на Каўказскіх курортах, а з прыгоды рэвалюцыі і голаду ў N., стары Макасей, хаця-ж сам бавіў найболей у N., надумаўся купіць у Пяцігорску ці Кіславодзку дом і пакінуць там сям‘ю сваю на ўсю зіму.

Пад канец сэзону курорт быў бязьлюдны, і ў нябыцьцё свайго старога мадам Макасеіха, ад нуды, ахвотна запрашала да сябе афіцэраў, што лячыліся там. Ня бачыла яна у тых знаёмствах нічого асаблівага і старалася толькі ба-